Велікодны нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны надзеі, якeю дорыць нам Уваскрасенне Хрыста. Пра сэнс хрысціянскай надзеі прапануюць паразважаць чытачам нашыя сталыя аўтары айцец Юрый Кулай OCD і айцец Яўген Голуб OFMConv.
Хіба ў кожнага чалавека ёсць вельмі асабістыя ўспаміны, звязаныя з надзеяй, кожны малюе яе вобраз па-свойму. Гэтымі асабістымі перажываннямі з Лідзіяй Камінскай падзяліліся творчыя людзі, прадстаўнікі беларускай культуры. Кранальным сведчаннем аб надзеі ў сваім жыцці распавяла чытачам вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль.
«Бог шануе кожны выбар чалавека… бо ў небе няма месца для нявольнікаў і прымушаных» — ксёндз Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» разважае на тэму празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць.
Разам з часопісам прапануем вам павандраваць па святынях Беларусі: у самы старажытны каталіцкі касцёл на нашых землях ва Уселюбе (XVст.), дзе цяпер знаходзіцца фігура Маці Божай новага Жыцця, і ў мястэчка Ваўкалату, дзе каталіцкая парафія існуе з ХVI ст. і дзе знаходзіцца копія абраза Божай Міласэрнасці, падараваная касцёлу бл. кс. Міхалам Сапоцькам.
У сувязі з 80-гадовым святарскім юбілеем святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка ў гэтым нумары мы ўзгадваем пра яго няпросты жыццёвы шляха разам з нашым рэдактарам Крыстынай Лялько.
У новым нумары «Ave Maria» вас чакае цікавае інтэрв’ю з бр. Карнэліем Консэкам SVD, фотажурналістам і рэдактарам часопіса «Дыялог», які ў гэтым годзе, як і наш часопіс, адзначае сваё 25-годдзе.
Нагадваем чытачам пра наш юбілейны конкурс і чакаем вашыя працы!
Юлія Шэдзько
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00, тэл: (017) 242 17 53);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50