Пра ўшанаванне Сэрца Езуса чытайце ў новым нумары «Ave Maria»

У чэрвеньскім нумары часопіса «Ave Maria» нашыя аўтары і чытачы дзеляцца сваімі разважаннямі і сведчаннямі аб важным складніку нашай веры — ушанаванні Найсвяцейшага Сэрца Езуса. 11 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу, якое здзейсніў папа Леў ХІІІ. Гэты нумар мы распачынаем словамі святога папы Яна Паўла ІІ, прысвечанымі гэтай падзеі.

У матэрыялах з традыцыйных рубрык «Святар адказвае на пытанне» і «Споведзь» нашыя шаноўныя аўтары ксёндз Андрэй Рылка і айцец Аркадзь Куляха OCD распавядаюць аб традыцыі набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і тлумачаць яе паходжанне і важнасць для вернікаў. А каталіцкая моладзь разважае над заклікамі старажытнай літаніі да Сэрца Езуса, знаходзячы ў ёй блізкія іх сэрцам словы.

Чэрвеньскі нумар «Ave Maria» багаты на сведчанні чытачоў аб дзеянні Божай міласэрнасці ў іх жыцці падчас цяжкасцяў і выпрабаванняў, асабліва праз адарацыю і малітву да Сэрца Езуса. Аб тым, як перажываць цяжкасці з Богам, разважае айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы».

Мы прапануем вам змястоўныя інтэрв’ю: з прадстаўніком супольнасці айцоў сэрцанаў Аляксандрам Фядотавым SCJ з Гродна і ксяндзом Аляксеем Ляшко, беларусам, які служыць цяпер у Карагандзе, месцы, куды падчас рэпрэсій было выслана шмат беларусаў.

У часопісе вы прачытаеце аб найцікавейшым здарэнні, якое адбылося не так даўно ў суседняй Польшчы, — Эўхарыстычным цудзе ў мястэчку Сакулка, Божым знаку, які натхняе нас умацоўвацца ў веры.

Гэты чэрвень аказаўся шчодры на юбілеі нашых аўтараў і супрацоўнікаў, і мы запрашаем чытачоў таксама ўзгадаць у малітве гэтых людзей, якія аддана працуюць на ніве евангелізацыі ў Беларусі і кожны месяц дзеляцца з вамі цеплынёю сваіх сэрцаў.

Нагадваем вам, што трывае наш юбілейны конкурс, прысвечаны 25-годдзю часопіса. Запрашаем да ўдзелу!


Юлія Шэдзько

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00, тэл: (017) 242 17 53);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла