Ліпеньскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны святасці

Мы схільныя дзяліць: святасць — у небе, а людзі — на зямлі. Аднак святасць — неад’емная частка створанага свету, бо створаны ён самім Богам, Крыніцаю святасці. Для кожнага з нас Ён рыхтуе шлях святасці, нездарма дэвіз гэтага нумара: «Воля Божая — гэта вашае асвячэнне» (1 Тэс 4, 3).

Вокладку часопіса ўпрыгожваюць невялікія абразкі і малітвы да святых апекуноў, якія можна выразаць і заўсёды мець з сабою, каб папрасіць іх заступніцтва ў патрэбе.

Нумар адкрывае верш-разважанне галоўнага рэдактара Крыстыны Лялько аб прагненні святасці, якой прасякнуты наш свет: «Сумую па святасці…» Ён задае тон усім матэрыялам ліпеньскага часопіса — пошуку святасці ў нашым жыцці.

Гэта не адзіная паэтычная старонка ліпеньскага часопіса: чытайце і натхняйцеся вершамі «Візія святой Фаўстыны» Ірыны Багдановіч, «Маці Божай Тракельскай» Дануты Бічэль і гімнам «Да святых» Юліі Шэдзько. Музыку да гімна напісала Святлена Немагай. І ў гэтым нумары вы знойдзеце таксама ноты.

Сваім «рэцэптам» святасці падзеляцца з чытачамі самі святыя,  якія жылі ў розныя часы ў розных краінах, — мы прапануем вам падборку іх кароткіх разважанняў аб тым, што ёсць святасць.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка распавядае пра тое, як можа ісці да святасці звычайны чалавек, далёкі ад подзвігаў вялікіх святых. Айцец Аркадзь Куляха OCD разглядае споведзь, як прыладу для дасягнення святасці ў традыцыйнай рубрыцы «Споведзь».

Пра сутнасць святасці і адрозненне святых людзей ад проста добрых і прыемных, чытайце ў лекцыі тэолага з ЗША бр. Джасціна Гэйбла ОР, перакладзенай з англійскай мовы Юліяй Шэдзько.

У новым нумары вас чакае інтэрв’ю з с. Элізай Мык ОР пра самаіронію, адданасць, давер Богу і практычную святасць, якое правяла з сястрою Вольга Качалка.

Некалькі матэрыялаў распавядуць вам пра святароў, якія адзначаюць у ліпені свае юбілеі. Гэта не толькі віншаванні, але ўдзячныя аповеды пра шчырых, адданых свайму пакліканню людзей, якія служаць Богу і Касцёлу.

Цудоўная навіна — у выдавецтве «Про Хрысто» выйшаў YOUCAT на беларускай мове, доўгачаканае выданне, якое мы рыхтавалі некалькі гадоў. Вельмі простай мовай у форме пытанняў і адказаў у кнізе тлумачацца праўды хрысціянскай веры, сутнасць сакрамэнтаў, асновы хрысціянскай этыкі.

А таксама трывае наш юбілейны конкурс, прысвечаны 25-годдзю часопіса «AveMaria». Запрашаем да ўдзелу!

 


Юлія Шэдзько

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00, тэл: (017) 242 17 53);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла