Дзевятнаццатая звычайная нядзеля, Год С, (11.08.2019)
Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны аканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
(Лк 12, 32–48)
«Шчаслівыя тыя слугі…»
Часам прыпавесці Пана Езуса спачатку здаюцца вельмі дзіўнымі. Ніхто пры здаровым розуме не пакіне статак без дагляду, каб пайсці шукаць заблукалую авечку. Не бывае, каб гаспадар уначы прыслугоўваў пры стале сваім уласным слугам. Сам Пан Езус крыху пазней паводле евангельскага тэксту сказаў: «Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?” Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?”» (Лк 17, 7–8).
Пра што ж нагадвае вобраз шчаслівых слугаў, якіх Пан застане ў чуванні? Калі я разважаў пра гэта, то меў адчуванне, што ўсё гэта вельмі знаёма: мы некага чакаем, а гэты чалавек прыходзіць і пачынае нас карміць. Тады я зразумеў, што менавіта так бывае, калі дзеці чакаюць бацькоў. Калі тата або мама вяртаюцца з камандзіроўкі або вандроўкі, дзеці не могуць іх дачакацца, стаяць пад дзвярыма і адразу радасна пытаюць: «А што ты прывёз? А што ты прывязла?». Радасць ад сустрэчы спалучаецца з радасцю ад падарункаў. Менавіта ад падарункаў, а не ад ўзнагароды за добрыя паводзіны.
Пан Езус таксама распавядае пра гэтую сітуацыю як пра тое, што адбываецца ў сям’і: «Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства». Так, Езус называе нас слугамі, але сам Ён таксама Слуга Яхвэ і Яго Сын. Гэтаму ж Ён жадае навучыць і нас: быць дзецьмі Яго Айца. Валадарства — не ўзнагарода вартаўнікам за добра выкананую працу, гэта спадчына сыноў і дачок Айца. Пан Езус заклікае нас даваць міласціну, і гэта азначае найперш не практыку аскезы, а ўдзел у дабрыні і любові Нябеснага Айца.
Пан Езус заклікае нас да пераменаў, «рэвалюцыі» ў мысленні. Таму Ён прыводзіць яшчэ адзін прыклад Пятру, які просіць растлумачыць прыпавесць: гаворка таксама ідзе пра гаспадара і слугаў, але апроч іх ёсць яшчэ аканом, галоўны слуга, які сочыць за маёнткам. Што з’яўляецца яго галоўнаю задачаю? Накарміць слугаў у адпаведны час. Не раздаваць загады, не караць вінаватых, а карміць. Гэты вобраз я таксама бачу ў сям’і, калі бацькі пакідаюць малодшых дзяцей пад апекаю старэйшых. Волю бацькоў выконвае не той, хто дэманструе ўладу, а той, хто з любоўю клапоціцца пра іншых. Начальнік стаіць вышэй не для таго, каб яму служылі, а каб клапаціцца пра іншых і служыць слабейшым. Такая воля Нябеснага Айца. Так, гэта не адпавядае законам гэтага свету. Але і Валадарства, якое Айцец дае нам у спадчыну, не з гэтага свету. Сапраўды, мы будзем шчаслівыя, калі захочам яго атрымаць.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР