«Сям'я — вялікае шчасце». Кніга пра біскупа Зыгмунта Лазінскага па-беларуску

У 2019 годзе, які ў Касцёле ў Беларусі прысвечаны сям'і, выдавецтва «Про Хрысто» прэзентуе кнігу ксяндза Станіслава Паўліны fDP «Сям'я — вялікае шчасце» са скрабніцы духоўных разважанняў і жыцця слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага і яго сям'і.


Аўтар гэтага выдання ксёндз С. Паўліна fDP, доктар тэалогіі, былы канцлер Пінскай дыяцэзіі, пробашч і кусташ пінскай катэдры, грунтуючыся на дакументальных крыніцах, прысвяціў гэтую публікацыю слузе Божаму Зыгмунту Лазінскаму, які быў выхадцам са шматдзетнай сям'і, настаўнікам і выхавацелем, душпастырам, біскупам і заканадаўцам, і яго разважанням пра Найсвяцейшую Сям'ю і сям'ю чалавечую. Прапанаваныя разважанні слугі Божага заахвочваюць чытачоў наследаваць Найсвяцейшую Сям'ю — дасканалы прыклад супольнага, сямейнага, Божага жыцця, любові чалавечай і адначасова Боскай. На прыкладзе сям'і Лазінскіх аўтар паказвае, як учыніць дом добраю школаю хрысціянскага, грамадскага і патрыятычнага жыцця, як уводзіць дзяцей у хрысціянскія таямніцы і якім чынам маці можа стаць ідэалам для свайго дзіцяці.

У публікацыю ўвайшлі разважанні слугі Божага Лазінскага пра сужэнства і сям'ю, прыклады жыццёвага досведу сям'і Лазінскіх, а таксама вучэнне пра сужэнства і сям'ю з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. «Зямное жыццё — гэта праца дзеля вечнасці, трэба любіць яго, прычым такім, якім яно ёсць, з усімі яго непрыемнасцямі <...> Не проста "нейкае" існаванне на зямлі, але тваё канкрэтнае жыццё з'яўляецца для цябе шляхам да неба», — часта падкрэсліваў слуга Божы. У асобных радзелах кнігі падаюцца выбраныя фрагменты з пісьмовай спадчыны біскупа Зыгмунта Лазінскага, а таксама прамова папы Паўла VI пра назарэтанскі дом — «школу, у якой мы пачынаем разумець жыццё Езуса».

Няхай гэтая кніжачка паспрыяе глыбейшаму знаёмству з асобаю слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і натхніць нас да малітвы аб яго хутчэйшай беатыфікацыі, а таксама паспрыяе яшчэ большаму імкненню нашых сем'яў да святасці.


Падрыхтавала Кацярына Дурко

Набыць кнігу можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10:00-19:00, сб: 11:00-17:00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў выдавецтва па тэл. (017) 356 17 50

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла