Пра вегетарыянства, стэрылізацыю жывёлаў і штучныя кветкі на могілках чытайце ў новым нумары «Ave Maria»

У свеце абвастрыліся дэбаты па пытаннях экалогіі, выкліканыя спрэчным выступленнем у ААН шведскай школьніцы Грэты Тунберг, і кастрычніцкі часопіс «Ave Maria» таксама прысвечаны праблемам экалогіі. Вядома, у адным нумары немагчыма закрануць усе праблемы, з якімі чалавецтва сутыкнулася ў гэтай сферы (і якія само справакавала), але тое, як горача нашыя аўтары адгукнуліся сваімі матэрыяламі на гэтую тэму, гаворыць, што яна турбуе многія сэрцы. 


Як слушна заўважыла спадарыня Крыстына Лялько у «Слове рэдактара», «Мы, на жаль, даўно звыкліся з недарэчным і шкодным стэрэатыпам савецкага часу, што, маўляў, чалавек — цар прыроды, і ўжо цэлыя дзесяцігоддзі “царуем” так, што прырода гіне на нашых вачах, а разам з ёю гінем і мы, бо з’яўляемся яе часткаю і ва ўсім ад яе залежым». 

Больш за 30 гадоў Беларусь церпіць ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Гэтаму прысвечаны матэрыял «Чарнобыль без міфаў». А мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі, урывак з якой мы друкуем, глядзіць на гэтую праблему яшчэ і з ракурсу маралі, разважаючы пра «духоўны Чарнобыль», ад якога пакутуюць людзі. 

Клопат пра экалогію пачынаецца з уласнага дому, а менавіта… са сметніц. Пра тое, як сартыроўка смецця змяняе светапогляд, вы можаце прачытаць у інтэрв’ю з Ірынай Кухальскай. Гэтаму ж пытанню прысвечаная і жартаўлівая замалёўка Арыны Гаваркой «Здарэнне на звалцы». Пра засмечанасць жыццёвай прасторы і тое, як пазбаўляцца ад яе, разважае ў сваім артыкуле Ганна Шаўчэнка

Блізіцца месяц лістапад — час, калі мы будзем узгадваць сваіх памерлых родных і блізкіх і маліцца за іх. У матэрыяле «Штучныя кветкі: ці дапамогуць кіслотна-жоўтыя ружы ў збаўленні?» Дар’я Ахламёнак заклікае адмовіцца ад штучных вянкоў на магілы.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка разважае ў кантэксце хрысціянства пра моду на вегетарыянства, якое часам становіцца сапраўднай «эка-рэлігіяй». А наш сталы аўтар айцец Аркадзь Куляха OCD тлумачыць, якім павінна быць гарманічнае стаўленне хрысціяніна да жывёльнага свету, калі мы не ставім звяроў нароўні з людзьмі, аднак пры гэтым не забіраем у іх годнасці Божых стварэнняў. 

Кацярына Дурко ў сваім артыкуле «Святыя — людзі з нашай планеты» ўзгадвае святых, якія далі прыклад «экалагічнага» стаўлення да жыцця і навакольнага свету. 

Айцец Юрый Кулай OCD разважае пра экалогію душы ў сваім артыкуле «Усемагутнасць Бога».

У выдавецтве «Про Хрысто» рыхтуецца да выдання кніга ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка з нагоды 105-й гадавіны з дня нараджэння. Яго Эмінэнцыя быў вялікім аматарам прыроды Палесся і пакінуў багаты архіў фотаздымкаў і фільмаў, прысвечаных любімым мясцінам. 

Уся рэдакцыя часопіса «Ave Maria» сардэчна віншуе мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з 30-годдзем біскупскай сакры! У гэтым нумары вы зможаце прачытаць разважанні Яго Эксцэленцыі аб пакліканні і служэнні. 

Таксама ў лістападзе мы падзвядзем вынікі юбілейнага конкурсу, прысвечанага 25-годдзю часопіса «Ave Maria».


Юлія Шэдзько

Набыць часопіс можна: 

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50.
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла