Выйшла кніга нямецкага тэолага і педагога Альберта Бізінгера пра рэлігійнае выхаванне ў сям'і

Пасля перакладчыка мне давялося першай прачытаць на рускай мове кнігу нямецкага тэолага і педагога Альберта Бізінгера «Как Бог приходит в семью». Рэдактарская праца аказалася цяжкаю, але адначасова і цікаваю — надта мне імпанавала ненавязлівая, простая мова аўтара, з якою ён заклікае бацькоў не баяцца і дазволіць Богу ўвайсці ў іх сям’ю. Каму як не яму, бацьку чатырох дзяцей, раіць нам, маладым (а можа, яшчэ і не бацькам), як выхоўваць дзяцей у духу здаровай пабожнасці? 


«Суправаджаць», «Божы дотык», «пуцяводны анёл», «сямейны рытуал» — гэта словы, якія сустракаюцца ў кнізе часцей за іншыя. І перад тым, як вы возьмеце ў рукі кнігу, я хачу падзяліцца з вамі высновамі, якія я пасля яе чытання і перачытвання зрабіла дзякуючы гэтым словам. 

Суправаджаць (а не навязваць, не змушаць, не шантажыраваць) — гэта асоўнае дзеянне, уласцівае рэлігійнаму выхаванню дзіцяці. А. Бізінгер заклікае нават тых бацькоў, якія самі не атрымалі годнага рэлігійнага выхавання, не баяцца развівацца на духоўным шляху разам з дзецьмі, шукаць разам з імі адказы на дзіцячыя, але з-за гэтага не менш сурьёзныя і важныя пытанні пра жыццё, смерць і Бога. 

«Любоў Божая ўжо нас ахінае», — піша аўтар. Божы дотык — гэта працэс, які, пачаўшыся ад моманту зачацця, ужо ніколі не заканчваецца. Для сям’і словы «У вас будзе дзіця…» ці «У вас нарадзілася дзіця…» могуць стаць пачаткам незвычайнага духоўнага вопыту. Бог — гэта крыніца жыцця, у тым ліку і жыцця чалавечка, якога бацька і маці ўпершыню бяруць на рукі пасля яго нараджэння. Божы дотык, той, што няспынна ёсць, трэба толькі адкрыць у сваім жыцці і дапамагчы заўважыць яго дзіцяці. 

Адзін з дванаццаці заклікаў кнігі гучыць так: «Вы пакліканыя быць адно для аднаго „анёламі“». Там, дзе ёсць анёлы, дзейнічае і Божы клопат, Божая любоў. Клапоцячыся адно пра аднаго ў сям’і, мы такім чынам запрашаем у яе Бога. Бацькі клапоцяцца пра дзяцей, з’яўляючыся для іх «пуцяводнымі анёламі» на шляху іх рэлігійнага і чалавечага ўзрастання. Маці і бацька клапоцяцца адно пра аднаго, удзяляючы час развіццю сужэнскіх адносінаў і даючы сабе час на аднаўленне духоўных і фізічных сілаў. Дзеці клапоцяцца пра бацькоў, даючы ім магчымасць пабыць разам і вучачыся паважаць іх межы як сужэнскай пары. Так і ствараецца «анёльская супольнасць». 

«Сямейны рытуал», на думку А. Бізінгера, — вельмі важная частка штодзённага рэлігійнага выхавання. Сядаць кожны вечар на край ложка сына ці дачушкі і размаўляць пра мінулы дзень, прасіць прабачэння і прабачаць, цікавіцца перажываннямі дзіцяці, чытаць і абмяркоўваць біблійныя гісторыі — гэтыя простыя дзеянні могуць прыўнесці ў сям’ю пачуццё бяспекі і адзінства. 

Але галоўнае адкрыццё, ці хутчэй, прадчуццё, якое дзякуючы А. Бізінгеру набыло слоўную форму, — гэта ўсведамленне, што рэлігійнае выхаванне — не дадатак да агульнага выхавання. Рэлігійнае выхаванне — гэта не толькі заняткі па катэхезе, але шлях, які бацькі і дзеці маленькімі крокамі пераадольваюць разам, узрастаючы ў любові і адкрываючы ў сваім сумесным і паасобным жыцці дотык Стварыцеля. 

А якія высновы зрабілі вы пасля прачытання кнігі? Дзяліцеся імі з намі і з вашымі знаёмымі. Але галоўнае, каб зробленыя высновы давалі плён у вашых сямейных адносінах.


Дар’я Ахламёнак

Набыць кнігу можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10:00–19:00, сб: 11:00–18:00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо замовіць у выдавецтве па тэл. (017) 356 17 50.
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла