«Я даю табе тры спосабы ажыццяўлення міласэрнасці…». Па старонках красавіцкага нумара «Ave Maria»

«Я даю табе тры спосабы ажыццяўлення міласэрнасці да бліжніх, — сказаў Езус святой Фаўстыне Кавальскай, — першы — учынак, другі — слова, трэці — малітва», — гэты наказ нагадала чытачам часопіса «Ave Maria» рэдактар Крыстына Лялько ў сваіх успамінах пра карпатлівую і няпростую працу над перакладам «Дзённіка» сястры Фаўстыны на беларускую мову (артыкул «Міласэрнасць — гэта квет любові»). І можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэты новы, чацвёрты выпуск часопіса прысвечаны менавіта згаданым тром спосабам праяўлення міласэрнасці, якія даў нам Езус.

Пра любоў да бліжняга як абавязак кожнага верніка глыбока разважаў папа Бэнэдыкт XVI — урывак з яго энцыклікі «Deus caritas est» друкуецца на пачатку нумара пад загалоўкам «Caritas як абавязак Касцёла». У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD на аснове прыпавесці пра міласэрнага айца і марнатраўнага сына ўздымае праблему прабачэння, таму што «ўменне прабачаць — гэта нялёгкая справа», і «чалавека хутчэй прабачыць Бог, чым іншыя людзі, нават самыя блізкія» (артыкул «Уменне прабачаць»).

«Любоў праз учынкі — вялікае заданне Касцёла», — пад такою назваю друкуецца інтэрв’ю Паліны Грыб з Вольгаю Лабуць, намеснікам дырэктара рэлігійнай місіі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гутарцы распавядаецца пра найважнейшыя кірункі працы гэтага дабрачыннага таварыства і звяртаецца ўвага на тое, як кожны з нас асабіста можа спрычыніцца да канкрэтнай дапамогі людзям, што знаходзяцца ў патрэбе.

Малітва — гэта момант нашай асабістай сустрэчы з Богам, а значыць, з самою Любоўю. Як адказаць на гэтую Любоў? Як быць самім сабою перад ёю? Да медытацыі над гэтымі пытаннямі запрашае сястра Паўла Бобер MSF у матэрыяле «Мой адказ на любоў Бога» пад рубрыкай «Старонка псіхолага».

Парадаксальную праўду пра Божую Любоў і Міласэрнасць адкрываюць словы Вяночка да Божай Міласэрнасці, пра паходжанне і змест якога распавядае ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Таямніца і парадокс Вяночка да Божай Міласэрнасці» (рубрыка «Святар адказвае на пытанне»). У часопісе таксама змешчана «Літанія да святой сястры Фаўстыны», апосталкі Божай Міласэрнасці, якой Пан Езус прадыктаваў словы Вяночка, папрасіўшы шырока распаўсюджваць яго сярод людзей.

Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы нашых пастаянных аўтараў кс. Кірыла Бардонава (рубрыка «Старонка касцёльнага суддзі»), Галіны Калевіч, Паліны Грыб, Язэпа Янушкевіча, Ірыны Багдановіч, Дануты Бічэль, Віктара Ведзеня, а таксама глыбокія сведчанні саміх чытачоў.

Ганна Шаўчэнка


Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней