«I акраплю вас вадою чыстаю, і дам вам сэрца новае»

«I акраплю вас вадою чыстаю, і дам вам сэрца новае»
Эзх 36, 16-17а, 18-28.

Мы часта чуем: ноччу лепш думаецца, ноччу лепш працуецца, ноччу адбываецца штосьці таямнічае... Чым вабіць нас рамантыка цёмнага часу сутак? Што такое ноч для чалавека?

Для адных — гэта час адпачынку, для другіх — магчымасць пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі, для трэціх — магчымасць творчай працы, для чацвёртых — час размовы з Богам, для пятых — непажаданыя бяссонныя хвіліны... Як бы там ні было, але ўначы ўсе гукі чуюцца глыбей і перажываюцца вастрэй... Перш за ўсё тыя, якія гучаць унутры самога чалавека.

Шмат важных падзеяў у гісторыі адбывалася менавіта ноччу. Толькі некалькі прыкладаў:

  • Ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня 1520 года: «Ноч смутку» (Ценачтытлан, Мексіка).
  • Ноч з 23 на 24 жніўня 1572 года: Варфаламееўская ноч (Парыж, Францыя).
  • Ноч з 30 чэрвеня на 2 ліпеня 1934 года: «Ноч доўгіх нажоў» (Германія).
  • Ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года: «Крыштальная ноч» (Германія, Аўстрыя).

Але не толькі трагічныя падзеі адбываюцца ўначы: менавіта ўначы сабраліся вернікі ў Касцёле святога Піо парафіі святога Казіміра ў горадзе Маладзечна на Пасхальную вігілію. Многія прыйшлі сюды са сваімі думкамі, марамі, спадзяваннямі і надзеяй! І ў кожнага яны свае, непадобныя на іншыя. Многія людзі ў дні Вялікага тыдня думаюць пра смерць фізічную, але нямногія з іх задумваюцца пра тое, што на працягу жыцця чалавек перажывае мноства смерцяў духоўных, перш, чым настане самая апошняя з іх: гэта смерць чаканняў лепшага жыцця, крах планаў, няздзейсненых мараў. Жыццё наша поўнае летуценняў, цудоўных надзей, але большасць з іх, не ажыццявіўшыся, паміраюць і пакідаюць пачуццё горычы і апраўданне нашай паразы тым, што «такое жыццё».

Сапраўды веруючы чалавек разумее, што Бог абвяшчае нам Добрую Навіну! Ахвяра і Ўваскрасенне Хрыста даюць нам жыццё вечнае, ратуюць ад найбольшай бяды, якая магла б здарыцца з чалавекам, — ад пекла.

А вось у габрэйскіх сем’ях да цяперашняга часу існуе традыцыя, калі дзеці падчас начной вячэры задаюць пытанні сваім бацькам. Менавіта пра гэтую традыцыю і ўзгадаў пробашч парафіі св. Казіміра брат Ігар Колзун OFMCap, запрасіўшы да размовы наймалодшых парафіянаў. Ён спачатку спытаў, што гэта маглі быць за пытанні, а пасля і задаў іх нашым дзеткам. Вось гэтыя пытанні: «Чаму мы сёння не спім?», «Навошта святкаваць Пасху?»

Пачуўшы адказы, брат Ігар працягнуў: «Мы не спім, таму што ў гэтую ноч Бог вывеў габрэйскі народ з рабства, з няволі, з егіпецкага палону. Сёння мы таксама святкуем Пасху, але не як успамін, калі ўзгадваюцца важныя падзеі, але перажываем яе так, як калісьці перажывалі габрэі, як саўдзельнікі гэтай падзеі. Мы ўваходзім у Пасху разам з Хрыстом, таму мы сёння не спім. У гэтую ноч, паводле найстаражытнейшай традыцыі, адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана». Брат Ігар нагадаў дарослым, каб заўсёды прыходзілі на Пасхальную вігілію з дзеткамі, каб яны бралі прыклад з нас, дарослых, і маглі самі знаходзіць адказ на важныя пытанні, бо Вялікдзень — гэта сімвал надзеі, адраджэння і вызвалення, а таксама час радасці, калі збіраецца разам сям'я».

Уваскрасенне Езуса Хрыста — цудоўная падзея, якая відавочна пераўзыходзіць усе законы прыроды, бо гэта ўнікальны прыклад Боскага ўмяшання ў натуральны парадак рэчаў.

Для веруючых людзей Уваскрасенне Хрыстова — гэта крыніца пастаяннай радасці, якая ніколі не вычэрпваецца, радасці, якая дасягае сваёй вяршыні ў свята хрысціянскага Вялікадня і дарыць усім людзям надзею на іх уласнае ўваскрашэнне.

«Пан уваскрос, Езус жыве,
ззяе праменнем ноч.
Я не памру, а буду жыць —
Бог паказаў сваю моц.
Крыж стаў брамаю Пана,
каб увайсці праз яе,
станьма прад алтаром Яго
Бога ўсхваляйма ўсе»,

— дружна спявалі вернікі касцёла святога Піо, узносячы свае галасы, позіркі і думкі да Нябёсаў. Здавалася, што хоры анёлаў спяваюць разам з намі…

Усе мы, якія сабраліся ў касцёле святога Піо ў Пасхальную ноч, ведаем і верым, што, выбраўшы жыццё з Богам і ў Богу, мы дойдзем да Неба. Наш абавязак — захаваць вернасць Богу і любоў да бліжняга. І гэта найлепшае, што нас можа чакаць, і найлепшая вестка сярод усіх цёмных начэй!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

     

P.S. Ад імя вернікаў парафіі святога Казіміра шчыра дзякую нашым святарам — братам з Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў — брату Ігару Колзуну, брату Андрэю Жылевічу, брату Уладзіславу Мінько за ахвярнае служэнне і чулыя сэрцы.

Дарагія нашы браты, кожная сустрэча з вамі — гэта ўзор дабрыні і міласэрнасці, веры і любові. Мы дзякуем Богу за тое, што паслаў на наш шлях такіх цудоўных святароў і гаспадароў касцёла. Сваім прыкладам вы запальваеце ў нашых сэрцах агонь любові да Айца Нябеснага, каб мы лепш зразумелі Божае слова, каб, выходзячы з касцёла з прыўзнятым настроем, заўсёды адчувалі супакой і еднасць ад шчырай малітвы. Мы таксама памятаем пра вас у сваіх малітвах.

Таццяна Шумель.
Фота Эрыка Савянка.

Цэтлікі: Вялікдзень

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней