Выйшла кніга св. Альфонса Лігуоры «Наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту»

Гэтая кніга — асаблівы скарб для тых, хто жадае прабываць перад Езусам Эўхарыстычным і выкарыстоўваць парады святога доктара Касцёла дзеля паглыблення адносінаў з Хрыстом. Кніга складаецца з разважанняў, у кожным з якіх адкрываецца глыбокая праўда пра прысутнасць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Яна выйшла ў свет ў выдавецтве «Про Хрысто» з нагоды правядзення Пятага Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве. Прапануем пазнаёміцца з прадмоваю да кнігі аўтарства арганізатара кангрэсу а. Рамана Шульца ОР.


Дарагія браты і сёстры, мы прапануем вам гэтую кнігу, бо мноства людзей дзякуючы ёй навучыліся любіць Пана Езуса і знайшлі Яго, сапраўды прысутнага ў табэрнакулюме.

У гэтым сусветным бестселеры сабраныя разважанні, напоўненыя любоўю да Езуса. Яны аб’яднаны ў 31 сустрэчу. Гэта цудоўная кніга, залатая класіка духоўнай літаратуры. Мы рады, што яна з’явілася на беларускай мове, дзякуем перакладчыку і ўсім, хто паклапаціўся пра якасць гэтага выдання.

Мова, якою піша святы доктар Касцёла, можа здавацца часам няпростаю для чытання і малітвы, бо гэтаму тэксту ўжо 300 гадоў. Аднак стыль аўтара вельмі лагічны і звязны, таму ад чытача патрэбна толькі ўважлівае чытанне і разважанне над тэкстам. <…>

У свеце няшмат кніг, падобных да гэтай, дзе змест наўпрост з сэрца святога Альфонса выліваецца на паперу, і няшмат кніг, здольных настолькі моцна прывабіць чытача да Эўхарыстычнага Езуса, дапамагаючы распаліць у сэрцы сапраўдную любоў да Яго.

У сваіх разважаннях святы Альфонс натхняе чытача цытатамі са Святога Пісання, адкрываючы нам розныя праявы Божай любові да чалавека. Ён гаворыць пра любоў таго Бога, які 24 гадзіны на дзень чакае нас у табэрнакулюме. Вельмі ўзрушвае, што Альфонс Лігуоры дзеліцца з чытачамі асабістымі думкамі і гэтак дапамагае лепш пазнаваць Езуса і захапляцца Яго любоўю.

Яшчэ адна перавага кнігі ў тым, што падчас кожнай сустрэчы аўтар заахвочвае нас прыняць Езуса ў сэрца ў духоўнай Камуніі. Гэтая практыка нанова ажыла ў Касцёле, калі распачалася пандэмія COVID-19 і з розных прычынаў вернікі ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі праз інтэрнэт-трансляцыі і прымалі Камунію духоўна. <…>

Тут чытач таксама знойдзе малітвы да Божай Маці, складзеныя вялікімі марыйнымі містыкамі. Старажытныя марыйныя антыфоны і малітвы да Яе цудоўна выяўляюць духоўнасць вялікіх святых, прызнаных Касцёлам, што надзвычай каштоўна для нас.

Я асабіста вельмі ўдзячны гэтай кнізе. Менавіта яна яшчэ ў маладосці дала мне зразумець і ўсвядоміць, што ў каталіцкіх касцёлах і каплічках жыве ўваскрослы Езус, Той самы, што дзве тысячы гадоў таму хадзіў па Палестыне. Прачытаўшы, а дакладней, «прамаліўшыся» словамі гэтай кнігі, я ўжо ніколі не мог абыякава прайсці міма жывой прысутнасці Хрыста ў касцёле, заўсёды робячы знак крыжа або зазіраючы ўнутр на хвілінку, каб павітацца з Панам.

Падзялюся з вамі яшчэ адною думкаю. У многіх краінах свету ёсць касцёлы, дзе няспынна адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта значыць, што ўдзень і ўначы, без перапынку, нехта прабывае на малітве перад Сакрамэнтам. Варта маліцца, каб і ў Беларусі, апроч тых касцёлаў, дзе ўжо ёсць адарацыя, з’явілася шмат такіх, дзе Езуса будуць няспынна адараваць і адорваць любоўю. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту прыносіць вялікі плён. Нагадаю вам толькі пра дзве яго праявы. Па-першае, як сведчыць статыстыка, там, дзе праводзіцца няспынная адарацыя, змяншаецца колькасць злачынстваў. Па-другое, у гэтых парафіях бывае шмат пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. Давайце размаўляць пра гэта са святарамі, давайце заахвочваць сваіх сяброў і знаёмых вернікаў часцей бываць пры Сэрцы Езуса ў нашых касцёлах. Калі не атрымаецца арганізаваць няспынную адарацыю, няхай яна адбываецца хаця б у першы чацвер месяца або ў іншы зручны для ўсіх дзень. Няхай кожны запішацца на сваю «гадзіну адарацыі» — гэта будзе непаўторная сустрэча з Езусам.

Вельмі трапна сказаў некалі папа Бэнэдыкт XVI аб тым, што ў Найсвяцейшым Сакрамэнце «Езус маўчыць, але дзейнічае». Гэтыя словы заахвочваюць нас быць вернымі адарацыі, нягледзячы на «ноч пачуццяў».

Там, дзе ёсць Найсвяцейшы Сакрамэнт, неба сустракаецца з зямлёю. У гэтым месцы мы дзякуем Пану Езу су, праслаўляем і адаруем Яго і ўсю Святую Тройцу разам з анёламі і святымі. Гэта найцудоўнейшы ДАР!


Айцец Раман Шульц ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней