«Я — вінаградная лаза, вы — галіны»

Пятая Велікодная нядзеля, год В (3.05.2015)

«Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі» (Ян 15, 1–8).

«Я — вінаградная лаза, вы — галіны»

Сёння ў Евангеллі мы чытаем пра вінаградную лазу і галіны. Гэты вобраз дапамагае нам усвядоміць, чым з’яўляецца Касцёл і чым ён не з’яўляецца. Святы Павел параўноўвае Касцёл з Целам, Галавою якога з’яўляецца Хрыстус, а членамі  — ахрышчаныя. Гэтак жа Езуса можна параўнаць з вінаграднаю лазою, а ахрышчаных — з яе галінамі. Сёння часта даводзіцца чуць ад многіх людзей, што яны хочуць належаць да Хрыста, але ім не падабаецца Касцёл, таму яны адкідаюць яго інстытуцыі. Гэта адбываецца таму, што падобныя людзі — летуценнікі, якія хацелі б, каб Касцёл, які заснаваў Хрыстус і ў якім Ён дзейнічае, быў супольнасцю «святых», але сустракаючыся з членамі Касцёла, яны заўважаюць, што тыя зусім недасканалыя і ім часта не хапае святасці.

Другі Ватыканскі Сабор казаў пра Касцёл грэшнікаў, а ў вызнанні веры кожную нядзелю падчас святой Імшы мы кажам, што верым ў «святы, каталіцкі, апостальскі Касцёл». Як прывесці да ладу гэтыя на выгляд зусім супярэчныя словы? Вобраз вінаграднай лазы з сённяшняга евангельскага ўрыўку дапамагае нам зразумець гэтую таямніцу. Святым з’яўляецца Езус — лаза, а галіны святыя настолькі, наколькі застаюцца ў лазе. На жаль, сярод галінаў ёсць такія, што не прыносяць пладоў святасці, і для некаторых гэта з’яўляецца прычынаю для згаршэння і адыходу. Аднак Касцёл і надалей застаецца святым святасцю Езуса Хрыста. Сам Пан Езус жыве ў Ім праз сваё слова і сакрамэнты, няспынна даючы спажытак членам Касцёла, каб яны станавіліся святымі. Кардынал Ёзэф Ратцынгер пісаў, што «каб даваць плён у Касцёле, трэба цярпець сваіх братоў». Трэба цярпець іх, бо яны маюць шмат слабасцяў. Няма магчымасці даваць плён, а гэта значыць — узрастаць у святасці, калі не цярпець іншых людзей. Трэба памятаць, што (дзякуй Богу!) іншыя таксама церпяць нас з нашымі слабасцямі. Таму нельга абражацца на вінаградныя галіны, якія сохнуць, а трэба цярпліва пераносіць іх прысутнасць, неяк падтрымліваць іх — і гэта шлях да святасці.

Тыя, хто адкідае Касцёл і абураецца, што мы не з’яўляемся супольнасцю «святых», не разумеюць сутнасці святога Касцёла і, напэўна, не хочуць рабіць высілкаў, каб цярпець іншых людзей. У такім стаўленні ёсць вялікая доля пыхі. Аднак нам, вінаградным галінам, ніколі нельга забываць пра біблійны заклік: «Будзьце святым, бо Я святы». Хоць паўнаты святасці можа дасягнуць толькі Нябесны Касцёл, кожны ахрышчаны абвязаны быць руплівым вучнем Езуса — галінаю, якая застаецца ў вінаграднай Лазе і прыносіць багаты плён святасці. Няхай ні ў адной галіны на вінаграднай Лазе Касцёла не бракуе прагнення святасці і пакоры.

Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней