Ушануем Сэрца Езуса разам з «Ave Maria»:

па старонках шостага нумара часопіса

Канец вясны і месяц чэрвень, прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, выдаліся багатымі на падзеі і святочныя даты ў Касцёле. Таму і на старонках чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria» перад чытачамі ажывае нядаўняе асвячэнне першага ў Беларусі касцёла імя св. Яна Паўла ІІ, паўстаюць выбітныя (і любімыя многімі вернікамі) асобы святароў, якія ў гэтым месяцы святкуюць юбілеі свайго святарскага шляху. Сярод іх — айцец Павел Леліто з Мядзеля, айцец Анатоль Ярошка са Слоніма, кс. Рышард Пежхала з Дзяржынска, кс. Андрэй Яркавец з Бабруйска. Несумненна, усе гэтыя святары блізкія Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, у месяц якога прынялі на сябе нялёгкі абавязак служэння Богу.

Паколькі нядаўна ў многіх парафіях дзеці ўпершыню прынялі ў свае сэрцы Пана Езуса, карысным і актуальным для маленькіх вернікаў і іх бацькоў будзе чарговы артыкул кс. Андрэя Рылкі «Як правільна захоўваць эўхарыстычны пост перад св. Імшою?». Святар не проста звяртаецца да гісторыі гэтага пытання і прыводзіць канкрэтныя прадпісанні Кодэкса Кананічнага Права, але і дае парады па канкрэтных сітуацыях, якія вернікам могуць здавацца спрэчнымі ці сумніўнымі.

У рубрыцы «Старонка псіхолага» сястра Паўла Бобер MSF працягвае гутарку пра ўменне чалавека прымаць будзённасць. «Як прабачыць сваё ўласнае жыццё, не становячыся ў пазіцыю „вечнай ахвяры“ абставінаў, іншых людзей, грамадства?» — такую праблему аўтарка ставіць на пачатку сваіх разважанняў і дае паэтапныя парады яе вырашэння.

Размова з чалавекам, якому давялося прайсці праз пэўныя выпрабаванні, амаль заўсёды ўзрушвае патаемныя куточкі душы, а часта — дае натхненне і сілы. Спадзяёмся, такою размоваю стане для нашых чытачоў інтэрв’ю Францішка Дубраўскага з урачом-тэрапеўтам Аленай Гулевіч пад назваю «Сталасць веры», а таксама гутарка Людмілы Бурлевіч з мастаком і музыкантам гуртоў «Рэха» і «Гаротніца» Андрусём Такіндагам («Каб весці дыялог з Творцам»).

Напрыканцы часопіса чытачоў чакаюць новыя «Малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса», у тым ліку складзеныя папам Бэнэдыктам XV і св. Тамашам Аквінскім.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла