Грахі супраць Духа

Дзесятая звычайная нядзеля, год В (07.06.2015)

«І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: “Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі”. Так сказаў, бо гаварылі: “Ён мае нячыстага духа”. І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: “Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе”. Але Ён сказаў ім у адказ: “Хто маці Мая і браты Мае?” І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: “Вось Маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці”» (Мк 3, 20–35).

Грахі супраць Духа

У сённяшнім евангельскім чытанні Пан Езус кажа пра грахі супраць Духа Святога. Традыцыйна Катэхізіс Каталіцкага Касцёла называе шэсць грахоў супраць Духа Святога. Гэтыя грахі сведчаць пра выключную зацвярдзеласць у грахах:
     1) Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць.
     2) Роспач альбо сумненне ў Божай ласцы.
     3) Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры.
     4) Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку.
     5) Закамянеласць у грахах.
     6) Адкладаць пакаянне аж да смерці.

Упарта трываць у адным з пералічаных вышэ станаў вельмі небяспечна, таму што аднойча чалавек можа аказацца няздольным адвярнуцца ад таго бязбожнага стылю жыцця і не змагчы навярнуцца. Паддавацца спакусе роспачы і спадзявацца празмерна — гэта парушэнне супраць хрысціянскай надзеі, што адбываецца, калі мы грашым дзёрзка, адкладаючы пакаянне і сумнеючыся ў Божай ласцы. Адкідаць праўды веры — гэта грэх супраць веры, і азначае, што мы не прызнаем аўтарытэт Бога, які аб’явіў усе таямніцы веры. Зайздрасць — сур’ёзны грэх супраць любові, тым больш, калі гэта датычыць дароў, якімі Бог адарыў або хоча адарыць іншых людзей. Няўражлівасць да Божага натхнення — гэта знак злой волі, пастава таўстаскурасці і ўпартага сэрца, што часта выяўляецца ва ўчынках евангельскіх фарысеяў. Пра блюзнерства супраць Духа Святога можна прачытаць у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (п. 1864).

Няхай нас не пужаюць словы, якія Пан Езус кажа з любоўю, будзем дзякаваць за веру, надзею і любоў. Будзем горача прасіць праз заступніцтва Марыі (хаця б молячыся ў гэтай інтэнцыі тры «Вітай, Марыя» на пачатку ружанца), каб у нас няспынна ўзрасталі гэтыя боскія цноты. Бо жывучы ў пакоры: вераю, надзеяй і любоўю, мы паддаемся дзеянню Духа Святога, і ў нашым жыцці гэта выяўляецца ў супакоі і радасці сэрца. Разам з гэтым варта сістэматычна прыступаць да сакрамэнту споведзі, бо ў ім аб’яўляецца моц Духа Святога і нашая падданасць Яму.

Узгадайма аб прыгожым змесце секвенцыі да Духа Святога. Няхай яе словы стануць просьбаю, каб мы ніколі не грашылі празмерным спадзяваннем і роспаччу супраць Духа Святога, а таксама малітваю за тых, хто так чыніць (нават несвядома), бо гэта можа пазбавіць іх збаўлення: «Ўсё, што бруднае, абмый, што засохла, ажыві, што паранена, злячы. Нахілі, што цвёрда, разагрэй, што горда, выпрастай крывое».

Айцец Раман Шульц OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла