Езус побач

Дванаццатая звычайная нядзеля, год В (21.06.2015)

«У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: “Пераправімся на другі бераг”. І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: “Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?” Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: “Змоўкні, супакойся!” І вецер сціх, і настала вялікая ціша. Тады сказаў ім: “Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: “Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?”» (Мк 4, 35–41).

Езус побач

У нашым жыцці здараюцца такія цяжкія моманты, калі здаецца, што мы застаемся з выпрабаваннем сам-насам. Няма побач сяброў, якія могуць нас падтрымаць. Хтосьці можа нам спачуваць, але гэта не прыносіць суцяшэння. Час выпрабавання можа стаць часам роспачы: «Не, гэта пераўзыходзіць мае сілы». 

Каб не глядзець аднабакова, можна ўявіць іншую сітуацыю, калі з намі здараюцца добрыя рэчы. Мы адкрываем ў сваім жыцці нешта захапляльнае, раптам пачынаем разумець нешта значнае, тое, чым хочацца падзяліцца, але побач таксама нікога, кожны мае свае справы альбо проста не разумее нашага захаплення. Радасць траціць свае барвы. Застаецца сумненне: «А можа, сапраўды нічога ў гэтым незвычайнага?»

Ці могуць такія сітуацыі мець іншае развіццё? Так, калі і ў радасці, і ў смутку мы даверымся Богу. Адзін айцец дамініканін, які жыў на пачатку ХХ стагоддзя, пісаў ва ўспамінах пра сваё жыццё прыкладна так: «Пан Бог меў ласку адарыць мяне хваробаю...» Гэта зусім іншы ход думак, які дазваляе бачыць каштоўнасць нават цяжкіх часоў. Чаму не пачаць дзякаваць Богу за тое, што, нягледзячы на цяжкасці, Ён побач? Мы можам даць Езусу магчымасць спакойна адпачыць, бо вера дае нам упэўненасць, што Ён блізка. Спіць Той, хто мае ўладу суцішыць мора. А мы ў гэты час можам захапляцца прыгажосцю грознай стыхіі, ведаючы, што Езус побач.

Айцец Павел Мажэйка OP 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла