Закон малітвы — гэта закон веры

Трынаццатая звычайная нядзеля, год В (28.06.2015)

«Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыйшоў адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: “Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла”. І пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам, і ціснуліся да Яго.

Вось пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да плашча Ягонага. Бо казала сама сабе: “Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею”. І адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што вызвалілася ад хваробы. Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: “Хто дакрануўся да Майго плашча?” А вучні Ягоныя сказалі Яму: “Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся: хто дакрануўся да Мяне?” Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: “Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад хваробы сваёй”.

Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: “Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?” Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: “Не бойся, толькі вер!” І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. Калі прыйшоў Ён у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. Увайшоўшы, Ён сказаў ім: “Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць”. І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў сказаў ёй: “Таліта, кум!” — што значыць: “Дзяўчынка, табе кажу, устань!” І адразу ўстала дзяўчынка, і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці» (Мк 5, 21–43).

 

Закон малітвы — гэта закон веры

Святы Аўгустын так каментуе цуд аздараўлення жанчыны, якая хварэла на крывацёк: «Напэўна, многія сціскалі Яго, але толькі адна да Яго дакранулася. Натоўп умее ціснуцца вакол Яго, але дакрануцца да Яго не можа. Гэты дотык азначае веру. Той дакранаецца да Хрыста, хто верыць у Яго. Натоўп ціснецца, а вера дакранаецца. Шмат тых, хто думаў па-зямному, лічыў Хрыста звычайным чалавекам, не бачыў у Ім укрытай боскасці. Такія не дакрануліся добра, бо не верылі добра. Хочаш добра дакрануцца? Пазнай Хрыста там, дзе Ён вечны нароўні з Айцом, тады дакранешся да Яго…»

Думаецца, сёння гэтыя словы, напісаныя больш чым паўтара тысячагоддзі таму, не страцілі сваёй актуальнасці. Многія ўсцяж ахвотна збіраюцца каля Хрыста, не вельмі ўдумваючыся ў сэнс гэтых сходаў. Многія ўступаюць у фізічны кантакт з Ім у святой Камуніі (а гэта нашмат бліжэй, чым дакрануцца да краю Яго вопраткі!), але як жа часта гэты кантакт не прыносіць пажаданых вынікаў, нават тады, калі гэтыя людзі шчыра перакананыя, што вераць у рэальную прысутнасць Пана Езуса ў гэтым сакрамэнце. Толькі вось іх адносіны з Богам, які стаў чалавекам, часта не ўзнімаюцца па-над зямной плоскасцю і пазбаўленыя належнай Богу пашаны, пазначаныя нават пэўнай фаміьярнасцю, якую лічаць праяваю блізкасці з Ім. Але ж наблізіцца да Бога не азначае дапасоўваць Яго да свайго ўзроўню, прыніжаючы яшчэ больш, чым Ён сам сябе прынізіў праз уцелаўленне, пакуты і смерць на крыжы! Наблізіцца да Бога — значыць узняцца над сваёй абмежаванасцю, як зрабіла гэтая евангельская жанчына, робячы максімальныя намаганні, не баючыся розных перашкодаў, спадзеючыся на тое, што яны не застануцца дарэмнымі. 

Акурат у гэтыя чэрвеньскія дні спаўняецца 340 гадоў з таго часу, як Пан Езус паказаў нам сваё Боскае Сэрца, з’явіўшыся франуцзскай манахіні візітцы Марыі Алякок са словамі: «Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей, што нічога не шкадавала <…> каб даць ім доказы сваёй любові. А ў адказ ад большасці людзей яно спазнае толькі няўдзячнась і пагарду, з якой ставяцца да Мяне ў гэтым сакрамэнце любові. Але яшчэ большы боль чыніць Мне тое, што нават Мне прысвечаныя сэрцы так сябе паводзяць. Таму жадаю, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела была прысвечаная асаблівай урачыстасці для ўшанавання Майго Сэрца, каб у гэты дзень прыступалі да святой Камуніі і складалі ўрачыстую ўзнагароду праз публічныя акты перапрашэння, каб выправіць знявагі, прычыненыя гэтаму Сэрцу…» Боскі Збаўца абяцаў таксама, што з Яго Сэрца выльюцца шчодрыя струмяні любові на тых, хто такім чынам будзе ўшаноўваць Яго і пашыраць гэтыя практыкі. Касцёл выканаў просьбу. Але часта сэнс свята Найсвяцейшага Сэрца зацямняецца. На першы план выходзіць факт, што Бог мае чалавечае Сэрца, што Ён нам блізкі, але пры гэтым Яго боскасць і належны ёй шацунак дзесьці губляюцца… нават не ў кожным малітоўніку мы знойдзем акт перапрашэння…

«Lex orandi est lex сredendi», «Закон малітвы з’яўляецца законам веры» — як молімся, так і верым. Калі нашая малітва пазбаўленая павагі ў літургіі і сакральных знаках і месцах, у паставах цела падчас святой Камуніі і г.д., то якая ж на самай справе нашая вера? А калі яна далёкая ад веры жанчыны, хворай на крывацёк, ці ж можна спадзявацца, што з Езуса выйдзе жыццядайная моц, каб даць нам сапраўднае здароўе і жыццё?...

Айцец Міхал Ермашкевіч OP 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла