Марыя ідзе перад намі ў пілігрымцы веры:

новы нумар часопіса «Ave Maria»

Ліпеньска-жнівеньскі нумар часопіса «Ave Maria» наскрозь пранізаны марыйнай тэматыкай, і гэта невыпадкова, таму што лета — час марыйных пілігрымак, час на тое, каб сысці са звыклага штодзённага шляху і хоць на кароткі момант сцішыцца ў абдымках Маці Божай.

«Марыя ідзе перад намі ў пілігрымцы веры» — так называецца ўрывак з кнігі С. Беля «На руках у Марыі», у якім аўтар праз прызму жыцця Марыі вучыць чытачоў прымаць «неспасцігальныя прысуды» і «нязведаныя шляхі» Бога.

Пра «ўвасабленне» Будслаўскай Багародзіцы ў Бабруйску — незвычайную драўляную скульптуру Маці Божай Будслаўскай, створаную Казімірам Місюрам — распавядаюць у сваіх артыкулах Данута Бічэль і Віктар Маліноўскі. 

Цэлы комплекс матэрыялаў новага нумара часопіса прысвечаны радаснай падзеі ў Касцёле на Беларусі — прызначэнню дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандра Яшэўскага SDB. У часопісе чытачы знойдуць кароткую біяграфію новапрызначанага біскупа, апісанне яго біскупскага герба і тлумачэнне дэвіза, а таксама слова біскупа-намінанта з нагоды свайго прызначэння.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка закранае чарговую хвалюючую праблему: «Як правільна паводзіць сябе пасля прыняцця св. Камуніі?» Несумненна, кожнаму даводзілася назіраць, як у пэўнай парафіі падчас святой Імшы не ўсе вернікі паводзяць сябе аднолькава: адны пасля Камуніі і ў многія іншыя моманты набажэнства стаяць, другія — кленчаць, трэція — сядзяць. Ці існуюць канкрэтныя правілы паводзінаў і жэстаў падчас літургіі? Адказ на гэта пытанне — у артыкуле кс. А. Рылкі.

Чытачоў таксама чакаюць іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках гэтага нумара: «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», «Сведчанне», «Інтэрв’ю». Сардэчна запрашаем адгарнуць старонкі нашага часопіса!

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла