Часопіс "Наша вера" 2-2015

Новы нумар квартальніка «Наша вера» адметны комплексам публікацый, прысвечаных дамініканскаму ордэну і постаці св. Дамініка — гэта «Кароткі нарыс пра пачатак існавання дамініканскага ордэну» (Ю. Шэдзько), арт. «Шляхамі святога Дамініка» (В. Буйвал) і «Ордэн Прапаведнікаў на землях Беларусі» (Р. Зянюк). А. Жлутка ў арт. «Благаслаўлёны Віт — першы біскуп Літвы-Беларусі: праз церні да святасці» піша пра загадкавую постаць аднаго з яскравых прадстаўнікоў гэтага ордэну. М. Мілавіцкі ОР у арт. «Дзеля захавання гістарычнай спадчыны» таксама апавядае пра дзейнасць дамініканаў на Беларусі. Ю. Шэдзько прапаноўвае ўвазе чытачоў інтэрв’ю «Выходзіць насустрач…» з айцом дамініканінам Бруна Кадорэ — генеральным магістрам Ордэну Прапаведнікаў.

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы В. Зуёнка і Г. О. Котта (пер. з ням. мовы А. Сямёнавай-Герцаг).

Літаратуразнаўца Т. Нуждзіна (Мазыр) прысвяціла свой арт. «Ніл Гілевіч і яго лірычны герой на шляху да Боскасці» творчасці вядомага народнага паэта Беларусі.

«Хрысціянізацыя Беларусі: версіі, гіпотэзы, сведчанні ў помніках старажытнай беларускай літаратуры» — так называецца сумеснае даследаванне знаўцаў старажытнасці У. Кароткага і Ж. Некрашэвіч-Кароткай.

М. Скобла ў эсэ «З „рабра“ беларускай вярбы» піша пра кнігу «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах» (2015).

Памяці знакамітага французскага лётчыка і пісьменніка, католіка А. дэ Сэнт-Экзюперы прысвечаны арт. Л. Камінскай «Жыць — гэта паступова нараджацца…».

С. Харэўскі ў арт. «Кніга-вітраж» піша пра новую кнігу доктара мастацтвазнаўства Т. Габрусь «Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына» (2014).

Гісторык А. Шпунт у арт. «„Галантный век“…» аналізуе кнігу С. Рассадзіна пра гарадскую геральдыку.

Мастацтвазнаўца Я. Шунейка ў эсэ «Аднавіць і ўвекапомніць…» апавядае пра творчасць аднаго з сучасных беларускіх скульптараў — В. Калясінскага, які актыўна працуе ў сакральнай скульптуры.  

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла