Здзіўленне

Чатырнаццатая звычайная нядзеля, год В (05.07.2015)

«Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: “Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?” І абураліся на Яго. А Езус казаў ім: “Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, і сярод родных яго, і ў доме Яго”. Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іх бязвер’ю. Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў» (Мк 6, 1–6).

Здзіўленне

Сёння мы чытаем, як жыхары Назарэта здзіўляюцца і не могуць зразумець, адкуль у Езуса, якога яны, здавалася б, добра ведаюць, з’явілася незвычайная мудрасць і здольнасць чыніць цуды. З аднаго боку, іх здзіўленне разбурае довады некаторых ашуканцаў, якія сцвярджаюць, што Езус наведваў Індыю і навучыўся ў мудрацоў таго краю таямнічым майстэрствам. Калі б Езус быў у Індыі, ніхто з жыхароў Назарэта не задаваў бы пытання, адкуль у Яго гэта. Ім было б зразумела, што ад індыйскіх мудрацоў. Аднак іх здзіўленне выкрывае падман, на які спасылаюцца розныя недасведчаныя каментатары Хрыстовага жыцця. Але вернікам зразумела, што крыніцаю мудрасці Хрыста і Яго цудатворнай моцы з’яўляецца не хто іншы, як Яго Нябесны Айцец, якому Езус роўны ў бостве. Гэтай веры не хапае жыхарам Назарэта, а «без веры немагчыма спадабацца Богу» (пар. Гбр 11, 6). 

Звернем нашую увагу на тое, што Пан Езус таксама здзіўлены, але гэта іншы род здзіўлення. Здзіўленне назаранаў — ад недаверу, а здзіўленне Езуса — гэта боль, бо Яго любоў і боскае пасланніцтва не прымаюць тыя, хто блізкі Яго сэрцу. Ён, які ведае чалавечыя сэрцы, здзіўляецца! Гэта значыць, што недавер назаранаў сапраўды вельмі вялікі…

Папросім жа Марыю, жыхарку Назарэта, якая сваёю найдасканалейшаю вераю хоча падзяліцца з людзьмі ўсіх кантынентаў і часоў, каб Яна адкрыла сэрцы тых, хто і цяпер адмаўляе боства і ўладу Езуса Хрыста, Божага Сына. Марыя, выпрасі ў свайго Сына, Езуса з Назарэта, каб ніхто гэтак не здзіўляўся. 

Айцец Раман Шульц OP 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла