«Езус Хрыстус — Валадар і Збаўца»

Напрыканцы жніўня ў выдавецтве «Pro Christo» выйшаў камплект кніг с. Ну­нэ Цітаян для вучняў 6 класа катэхетычнага навучання — дапаможнік «Езус Хрыстус — Валадар і Збаўца», а таксама «Cшытак для заняткаў па катэхезе».

 

Тэмы падручніка скіраваныя на вывучэнне Новага Запавету і ахопліваюць яго найважнейшыя сюжэты ад звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі да мукі і ўваскрасення Езуса Хрыста, заснавання Касцёла і жыцця першых хрысціянскіх супольнасцяў. Кожная тэма падручніка (а іх усяго 27) уключае адпаведны ўрывак са Святога Пісання, тэарэтычную частку і кароткую малітву або невялікае малітоўнае разважанне, звязанае з тым фрагментам Евангелля, які вывучаецца. На палях падручніка вылучаныя галоўныя паняцці кожнай тэмы і даецца падрабязнае іх тлумачэнне. Тут жа вучні знойдуць неабходныя каментары да геаграфічных назваў, этнонімаў і гістарычных тэрмінаў, якія сустракаюцца ў Бібліі. Старонкі дапаможніка якасна аздобленыя ілюстрацыямі знакамітых мастакоў, выявамі сусветна вядомых абразоў, фотаздымкамі з сучаснага жыцця Касцёла і грамадства. У канцы кнігі пададзена падрабязная «Схема Lectio Divina», асноўныя малітвы і галоўныя праўды каталіцкага веравучэння. Як адзначыў у прадмове да падручніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, «матэрыял дапаможніка падабраны такім чынам, каб спрыяць сустрэчы вучняў з Тым, хто абвяшчаў Божае Валадарства і пакінуў нам Евангелле як падмурак хрысціянскага жыцця; з Тым, хто выбавіў свет з палону граху і прыходзіць да нас у сваім слове і сакрамэнтах, умацоўвае нашу веру, надзею і любоў, дапамагае будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і вядзе ў краіну вечнай радасці». 

«Сшытак для заняткаў па катэхезе» разлічаны на тое, каб з дапамогаю пытанняў, крэатыўных заданняў і асабістых разважанняў вучні маглі лепш засвоіць кожную тэму дапаможніка. Многія заданні скіраваныя на працу вучняў у групах, на такія формы інтэрпрэтацыі ведаў як рэпартаж, падрыхтоўка сцэнарыя фільма або перадачы, стварэнне схемаў, малюнкаў ці картаў на зададзеную тэму, рашэнне крыжаванак і галаваломак… Усё гэта дапаможа вучням не толькі ў займальнай форме засвоіць галоўныя тэмы Евангелля, але і вучыцца аналізаваць свае ўласныя учынкі, перажыванні, адносіны з блізкімі, будаваць сваё жыццё згодна з Божымі запаведзямі і ў кожнай складанай сітуацыі шукаць шляхі, якія вядуць да Бога, а не ў безвыходны тупік.

Ганна Шаўчэнка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла