Кавалер Ордэну ўсмешкі

Ян Твардоўскі. Разам з Табою: выбраныя вершы // Пераклады з польскай Дануты Бічэль і Крыстыны Лялько. — Мінск, «Про Хрысто». — 312 стар.

Аднойчы, будучы ў Варшаве, я зайшоў у кнігарню паблізу Тэатральнай пло­шчы. Заўважыўшы маё зацікаўленне польскай паэзіяй, ветлівая пані параіла звярнуць увагу на адну кніжную паліцу. На ёй стаяла кніг трыццаць — рознага фармату і формы. Былі там кнігі-мініяцюры і падарункавыя фаліянты, кнігі ў бліскучых супервокладках і факсімільныя перавыданні. Была нават кніга, зробленая ў форме сэрца!

Ва ўсіх гэтых кніг быў адзін аўтар — невядомы мне Ян Твардоўскі. Я ўзяў у рукі прыемны на дотык томік, разгарнуў і прачытаў: «Kiedy Bóg drzwi zamyka — to otwiera okno». Гэты радок настолькі ўразіў мяне сваёй глыбінёй, што я згроб усю тую паліцу ў абярэмак і пад здзіўленым позіркам прыязнай прадавачкі прыладкаваўся за нізень­кім столікам у куце кнігарні…

Праз гадзіну я выйшаў на вуліцу трошкі іншым чалавекам. Лепшым за таго, які нядаўна от так сабе, ад няма чаго рабіць тузянуў дзверы тае кні­гарні. Ці шмат увогуле на свеце кніг, якія вокамгненна нас паляпшаюць? Яшчэ пару гадзінаў таму я бязмэтна блукаў па Варшаве, недзе глыбока ў памяці трымаючы двух Твардоў­скіх. Адзін з іх, беларус з паходжання, стаў выдатным рускім паэтам, рэдактарам найлепшага ў СССР літаратурнага часопіса. У часы партыйных ганенняў на Васіля Быкава ён насуперак усім загадам зверху друкаваў земляка, а аднойчы з Масквы ў Гародню, дзе жыў тады апальны пісьменнік, прыслаў паштоўку з памятнымі з юнацтва словамі падтрымкі — усё мінецца, а праў­да застанецца. Ні характарам, ні абліччам ён не вельмі ўпісваўся ў маскоўскія літаратурныя прэзідыумы, дзе яго за вочы пагардліва называлі мянушкай з этнічным прыцэлам — чудь белоглазая.

Звалі таго паэта і рэдактара Аляксандр Твардоўскі.

Другі Твардоўскі быў з ліку маіх улюбёных літаратурных герояў — гэта ён у вядомай баладзе Адама Міцкевіча перада­сціпнічаў нячысціка ў нава­град­скай карчме пад назвай «Рым».

І вось у маім жыцці з’явіўся трэці Твардоўскі — Ян — і за­сланіў сабою ўсіх астатніх.

У той варшаўскай вандроўцы я ўсё ж схітрыўся заашча­дзіць колькі дзясяткаў злотых і дамоў вярнуўся з кніжкай паэта-ксяндза «Budziæ nadziejê». А неўзабаве ў менскай «Духоўнай кнізе» (рэкамендую гэтую кнігарню ўсім беларускім чытачам!) трапіліся мне вершы Яна Твардоўскага ў перакладзе на рускую мову. Таксама набыў. Яшчэ і па той прычыне, што адным з перакладчыкаў значыўся там масквіч Андрэй Базілеўскі — мой даўні знаёмец. Неяк на адным з міжнародных паэтычных фестываляў, здзіўлены яго бездакорнай польскай мовай (для мас­квічоў з’ява даволі рэдкая) і западозрыўшы ў ім тую самую «чудь белоглазую», я напаўжартам пацікавіўся ў Андрэя — з якіх базілеўсаў ён выводзіць свой радавод? І пачуў у адказ прадказальнае — мой бацька з Беларусі, з Віцебскай вобласці…

Помніцца, сваім прыпо­зненым адкрыццём вялікага паэта-мысляра я падзяліўся з рэдактаркай «Нашай веры» Хрысцінай Лялько. І як жа быў усцешаны, калі пачуў ад яе, што рыхтуецца кніга Яна Твардоўскага па-беларуску. І вось яна выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» — на паспалітае чытанне і добрае навучанне, калі пакарыстацца слаўным скарынаўскім дабраславеннем.

Кніга «Разам з Табою» — гэта паэтычны Ружанец, які кліча да роздуму і да малітвы; перабіраеш вершы-пацеркі — і змрочны свет робіцца яснейшым, а нам сёння гэтак бракуе яснасці свету!

Кніга «Разам з Табою», як спрактыкаваны лекар, робіць чытачу небалючыя прышчэпкі веры ў несмяротнасць чалавечай душы. Я ўпэўнены — нават зацятага матэрыяліста прыму­сіць задумацца ну хоць бы такі радок: «Смерць — хвіліна найбольшай надзеі».

У кнізе «Разам з Табою» з усмешкай гаворыцца пра рэчы сакральныя, але гэта не дэсакралізуе і не прыніжае іх. Ці гэта просьба да Крыжа, каб не прыходзіў у наш свет без Укрыжаванага. Ці гэта іранічны пасаж наконт фіранак у стаенцы, дзе нарадзіўся Збаўца. А як вам такая замалёўка, зробленая (аж не верыцца) паэтам-ксяндзом?

Мой Бог галодны
худое цела і рэбры
не мае грошай
высокіх катэдраў са срэбра
Не памагаюць яму
доўгія песні і свечкі
упалыя грудзі
лекаў не хоча з аптэчкі…

Неяк аўтару гэтых радкоў давялося выступаць з чытаннем вершаў у касцёле (цяпер літаратурныя сустрэчы ў храмах — не рэдкасць). Прагучалі тады і радкі пра тое, як «не можа ніяк — увесьчасна занята — да­званіцца да Бога адноўлены храм». Пасля сустрэчы да мяне падышла сур’ёзная кабета і наківала пальцам — больш так, малады чалавек, не багахульствуйце. Пачытала б яна Яна Твардоўскага, у яго падобнага «багахульства» — тры корабы з каптуром.

І яшчэ адно адхіленне ў сваё, асабістае. Калі мы з братамі ўсталёўвалі надмагільны помнік па бацьку, паўстала пытанне — а што на ім напісаць? Думалі-прагаворвалі, а да згоды аніяк прыйсці не маглі. Тады я ўзяў Біблію і  папрасіў аднаго з братоў назваць старонку і нумар радка зверху. Прагучалі дзве адвольныя лічбы. Я разгарнуў Кнігу кніг і прачытаў нібы адмыслова напісанае для эпітафіі: «Душа мая да Цябе прыляпілася, і Ты трымаеш яе ў дзясніцы сваёй».

Чаму мне гэта прыгадалася? Бо Ян Твардоўскі падобным спосабам выбіраў назвы для сваіх зборнікаў!

Ён быў мудрацом і любіў па­глыбіцца ў одум на лавачцы пад лістоўніцай, што расла паблізу яго сціплай, як манаская келля, кватэркі пры касцёле сясцёр візітантак у Варшаве. У той кватэрцы ён жыў разам з парцалянавымі анёламі і драўлянымі пеўнікамі, што скакалі па падваконні, а ў шыбах зіхацелі каляровыя батлеечныя вітражы.

Ён любіў усё жывое, у сваіх паэтычных казанях ён размаўляў з кветкамі, птушкамі і дрэвамі, а яго ўлюбёным лірычным героем была… божая кароўка, якая павольна перапаўзала з верша ў верш ды так і засталася на вокладцы адной з ягоных кніг.

Ён ведаў, што самая вялікая каштоўнасць у свеце — любоў, і перад няспынным гадзіннікам вечнасці заклікаў сваіх чытачоў: «Спяшаймася любіць лю­дзей!».

Яна Твардоўскага называлі паэтам Хрыста, які ўсміхаецца, і гэта вельмі трапнае і дакладнае вызначэнне!

Імем паэта-ксяндза ў Поль­шчы названыя больш за 200 (!) школаў і бібліятэк, ён быў доктарам honoris causa Люблінскага ўніверсітэта, атрымаў вельмі шмат розных прэміяў і ўзнагародаў, у ліку якіх і найганаровейшы Камандорскі крыж Ордэна адраджэння Польшчы. Але, як мне падаецца, знакі дзяржаўнай увагі не асабліва цікавілі паэта. Праўда, быў ва ўзнагародным спісе Яна Твардоўскага незвычайны ордэн — поль­скія дзеці ўганаравалі яго Ордэнам усмешкі! Паэт атрымаў узнагароду з будучыні, і гэта найлепшае прызнанне для твор­­цы.

Сам Ян Твардоўскі пра сваё служэнне Богу і паэзіі сказаў так: «У свеце бязвер’я спрабую гаварыць пра веру, у свеце без надзеі — пра надзею, у свеце без любові — пра любоў». І яго творчасць, што грунтуецца на веры, надзеі і любові, — гэта паэтычнае кварцаванне прасторы, пасля чаго знікаюць бацылы бязвер’я, адчаю і нянавісці.

Калісьці ўжо прыгаданы ў гэтых нататках другі Твардоўскі (не той, які перахітрыў нячыс­ціка ў карчме «Рым») параўнаў паэтычны пераклад з высушаным сенам, а арыгінал — з пахучай сакавітай канюшынай.

Перакладчыцы кнігі «Разам з Табою» — Данута Бічэль і Хрысціна Лялько — аспрэчылі гэтыя словы. Паэзія Яна Твардоўскага ў іхнім перакладзе не страціла ні каліва сваёй першароднай вобразнай красы і філасофскай сілы. Думаю, што гэта была нялёгкая праца, параў­наль­ная, хіба, з перакладам богаслужбовых тэкстаў.

На жаль (і гэта адзіны выпадак, калі, загарнуўшы кнігу «Разам з Табою», хочацца прамо­віць — на жаль), у беларускі зборнік Яна Твардоўскага не патрапіў адзін верш, які запыніў маю ўвагу яшчэ ў той шчаслівай для мяне варшаўскай кні­гарні. Я яго проста перакажу сваімі словамі, не прэтэндуючы на эквілінеарнасць ды іншыя патрабаванні перакладчыцкага рамяства. Верш мае назву «Больш нічога».

«Бог мой» — напісаў ён. І за­крэсліў, падумаўшы: настолькі ж мой, наколькі я эгаіст. Напісаў «Бог людзей» і — прыкусіў язык, згадаўшы, што ёсць яшчэ анёлы і камяні, падобныя ў снезе на зайцоў. Нарэшце напісаў проста «Бог». Больш нічога. Бо і так напісаў занадта шмат».

Ян Твардоўскі працаваў, як Радэн. Скульптар прызнаваўся, што бярэ мармуровую глыбу і проста адсякае ўсё непатрэбнае. Паэт з безлічы словаў таксама пакідаў у вершы мінімум, гаворачы пры гэтым пра многае.

І ашчасліўлены будзе той, хто пачуе гэтага кавалера Ордэну ўсмешкі.

Міхась СКОБЛА 
Часопіс «Наша вера» № 4(62)/2012 г. 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла