«Далей ад натоўпу»

Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год В (06.09.2015)

«І зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса. І прывялі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Езус паклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: “Эффата”, што значыць: “Адкрыйся”. І адразу адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш. Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: “Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!”» (Мк 7, 31–37).

 

«Далей ад натоўпу»

Папа Ян Павел ІІ, каментуючы сённяшні евангеьскі ўрывак падчас Агульнай аўдыенцыі 9 снежня 1987 года, звярнуў увагу на вельмі важную дробязь. Ён сказаў так: «Здзяйсняючы гэты цуд, Езус выразным жэстам адводзіць глуханямога далей ад натоўпу, і менавіта там аздараўляе яго. “Эффата” — самы плённы спосаб адкрыцца для Хрыста і атрымаць збаўленне — адбываецца падчас вельмі асабістай сустрэчы чалавека з Богам. Каб быць сапраўдным паслядоўнікам Хрыста, трэба ўмець адасобіцца, дазволіць Яму дакрануцца да цябе, адкрыцца для Яго словаў, Яго закліку і Яго асвячальнай ласкі». 

Звернем жа ўвагу на словы датычна асабістай сустрэчы з Богам, у адасобленасці. Супольнасці законнікаў маюць добрую традыцыю штомесяц праводзіць дні засяроджання. У такі дзень Пан Езус становіцца цэнтрам жыцця кожнага чалавека ў супольнасці, без выключэнняў. Гаворка пра тое, каб раз на месяц сысці ў своеасаблівую «пустыню», пакінуўшы свае штодзённыя абавязкі, і побач з Панам набрацца сіл, радасці і энтузіязму на наступныя тыдні, поўныя служэння і працы. Але ці павінен дзень засяроджання быць толькі манаскай прывілеяй? Ці не мае права на такі дзень кожны вернік? Я лічу, што час ад часу трэба арганізаваць для самога сябе такі асаблівы час, паехаць у які-небудзь кляштар, дзе можна пажыць пры манаскай супольнасці ў пакойчыку побач з капліцаю з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Або, калі надвор’е добрае, можна выехаць за горад, каб даўжэй пабыць сам насам з Богам на прыродзе. А можа, вы ведаеце іншыя месцы, прыдатныя для такіх сустрэчаў? Дзень для Бога павінен быць цалкам прысвечаны малітве, слуханню Божага Слова, чытанню добрай кнігі і Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Магчыма, вам трэба таксама і адпачнуць, таму перад днём засяроджання варта пакласціся спаць раней, чым звычайна. Такі дзень — гэта цудоўная магчымасць таксама падумаць пра сваё жыццё і ў адасобленасці падрыхтавацца да споведзі. Падобная духоўная рэгенгерацыя дае вялікі шанец унутранаму жыццю кожнага хрысціяніна. Адасобленасць, якая вядзе да ўзмацнення сувязі з Богам, асабліва патрэбная нам, каб не згубіцца ў шалёным тэмпе, які навязвае нам сучасны свет. 

Айцец Дамінік Ялоха, дамініканін, які працуе ў Мельбурне, у Аўстраліі, дзе служыць мясцовым палякам, ажыццявіў ідэю, каб вернікі ў мітуслівым жыцці маглі знайсці месца для адасобленасці і сустрэчы з Богам у малітве. Разам з парафіянамі ён пабудаваў прыгожую капліцу з белага мармура і шкла, унутры якой яны змясцілі абразы Езуса Міласэрнага і Маці Божай Чанстахоўскай. Капліца знаходзіцца на вялізным, каля 200 метраў вышынёю, пагорку за Мельбурнам, каля якога праходзіць адна з важнейшых аўтастрадаў, каб парафіяне ахвотней прыязджалі ў гэтае месца для духоўнага аднаўлення. На вяршыні пагорка відаць высокі крыж, які нагадвае пра Божую любоў і запрашае наведаць гэтае месца. Пагорак, які набыў ва ўласнасць адзін католік-мальтыец, прызначаны выключна для духоўных мэтаў. На ім знаходзяцца вялікіх памераў стацыі Крыжовага шляху, ружанцовыя сцежкі, шмат табліц з цытатамі са Святога Пісання. Там пастаўленыя маленькія каплічкі, якія пабудавалі розныя каталіцкія супольнасці: з Індыі, В’етнаму, Філіпінаў, Славеніі і г.д. Ёсць таксама ангар, які служыць у якасці касцёла падчас сустрэчаў вялікіх супольнасцяў, а ўнутры яго знаходзіцца капліца з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэты пагорак у любы час адкрыты для кожнага, хто хоча застацца сам насам з Богам. Там можна сустрэць людзей, якія задумліва шпацыруюць з ружанцам, праходзяць стацыі Крыжовага шляху, сядзяць на лаўцы пад крыжам і чытаюць Святое Пісанне, сузіраюць прыгожыя краявіды, якія адкрываюцца з пагорка. Побач знаходзяцца таксама старажытныя могілкі ілрандскіх католікаў з прыгожымі надмагіллямі, дзе можна шпацыраваць, молячыся і адкрываючыся для таямніцы супольнасці святых. 

Я хачу выразна падрэсліць, што ў жыцці кожнага з нас неабходныя канкрэтныя рашэнні, якія датычаць нашага духоўнага жыцця. Таму я заклікаю вас, якія чытаюць гэтае разважанне, зрабіце і вы што-небудзь карыснае для ўласнай душы. Дзень засяроджання — гэта зусім не справа раскошы! Гэта рэальная неабходнасць для тых, хто хоча ўзрастаць у прыязнасці з Богам! Да гэтага заклікае нас Пан Езус у сённяшнім Евангеллі. А калі ты не можаш «адпачыць у Пану» раз на месяц, то знайдзі больш часу для гэтага хаця б раз на два месяцы. 

І яшчэ адна думка напрыканцы. У Дрохедзе, у Ірландыі, кантэмпляцыйныя сёстры дамініканкі запрашаюць гасцей у свой рэкалекцыйны дом, злучаны з кляштарам і капліцай, дзе адбываецца няспынная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Яны запрашаюць далучыцца да іх малітвы і пабыць сам насам з Богам. Такі спосаб пабыць з Панам — гэта сапраўды вялікая раскоша, бо трэба ведаць ангельскую мову, зрабіць візу, знайсці грошы на пералёт. Але, дарагі брат і дарагая сястра, будзьце ўпэўненыя, што не абавязкова ехаць у Аўстралію або Ірландыю, бо на Беларусі таксама ёсць незвычайныя цудоўныя мясціны. І перадусім ёсць той самы Бог — Любоў. Таму давайце дазволім Езусу вывесці нас на адасобленае месца, як таго глуханямога з Евангелля. 

З малітваю, айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней