Laudato Si’

Пры падтрымцы Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі ўбачыла свет новая Энцыкліка LAUDATO SI’ Святога Айца Францішка, прысвечаная клопату пра супольны дом у перакладзе Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. 

Энцыкліка, натхнёная словамі гімна святога Францішка Асізскага «Будзь праслаўлены, Пане», прысвечаная праблемам экалогіі, крызісу тэхнічнага развіцця і антрапацэнтрызму, і заклікае да перагляду многіх перакананняў сучаснага грамадства: «Не хапае ўсведамлення агульнага паходжання, узаемнай прыналежнасці і агульнай будучыні для ўсіх. Гэтае галоўнае перакананне дазволіць развівацца новым перакананням, паставам і ладу жыцця. Такім чынам, перад намі стаіць вялікі культурны, духоўна-адукацыйны выклік, які азначае доўгія працэсы адраджэння» (202). Нельга забываць, што «ўся прырода не толькі аб’яўляе Бога, але з’яўляецца месцам Яго прысутнасці. У кожным стварэнні жыве Яго жыццядайны дух» (88). 

 

Гімн святога Францішка Асізскага

«Будзь праслаўлены, Пане,
З усімі сваімі стварэннямі,
А найбольш з нашым братам сонцам,
Якое дае дзень, а Ты свеціш праз яго.
Яно прыгожае і прамяністае,
А бляск яго
Нагадвае Цябе, о Найвышэйшы!

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым месяцам
І нашымі сёстрамі зоркамі,
Створанымі Табою ў небе,
Яркімі, каштоўнымі і прыгожымі.

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым ветрам,
Паветрам і аблокамі,
Надвор’ем і рознымі порамі часу,
Якімі Ты корміш сваё стварэнне.

Будзь праслаўлены, Пане,
Нашай сястрыцай вадой,
Вельмі карыснай,
Пакорнай, каштоўнай і чыстай.

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым агнём,
Якім Ты асвятляеш ноч,
А ён — прыгожы і радасны,
Палкі і моцны».

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла