Сямейная малітва

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год В (04.10.2015)

«І сказаў Пан Бог: “Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару адпаведную яму дапамогу”. Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых, але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі. Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: “Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам”» (Быц 2, 18–24).

«Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Што наказаў вам Майсей?” Яны сказалі: “Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца”. А Езус адказаў ім: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”. У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць”» (Мк 10, 2–12).

Сямейная малітва

Першае чытанне з Кнігі Быцця распавядае пра стварэнне Адама і Евы. Пан Езус закранае тэму сужэнства і дзяцей. Дазвольце мне, дарагія чытачы, сёння, 4 кастрычніка, у ружанцовы месяц, калі ў Рыме распачынаецца Сінод Біскупаў, прысвечаны справам сям’і, даць слова святому папу Яну Паўлу ІІ, які ў апошніх трох пунктах свайго Апостальскага Ліста пра Ружанец «Rosarium Virgins Mariae» (№41–43) з глыбокім клопатам гаворыць пра сям’ю і дзяцей. Яго цудоўныя словы заклікаюць нас нанова адкрыць для сябе ружанцовую малітву. 

«Як малітва аб спакоі, Ружанец быў таксама заўсёды малітваю сям’і і за сям’ю. Калісьці гэта малітва была асабліва дарагая хрысціянскім сем’ям і, несумненна, спрыяла іх еднасці. Трэба паклапаціцца, каб не змарнаваць гэтай каштоўнай спадчыны. Трэба вярнуцца да малітвы ў сям’і і да малітвы за сям’ю, надалей выкарыстоўваючы гэтую форму малітвы. 

У Апостальскім лісце Novo millennio ineunte я заахвоціў адпраўляць Літургію гадзінаў таксама свецкіх у звычайным жыцці парафіяльных супольнасцяў і розных хрысціянскіх групаў. Хачу зрабіць тое самае адносна Ружанца. Гэта два шляхі хрысціянскай кантэмпляцыі не альтэрнатыўныя, а ўзаемадапаўняльныя. Таму прашу ўсіх тых, хто займаецца душпастырствам сем’яў, каб пераканаўча заахвочвалі да малітвы на Ружанцы. Сям’я, якая паяднана моліцца, паяднанаю застаецца. Святы Ружанец, згодна з даўняю традыцыяй, гэта малітва, якая асабліва спрыяе згуртаванню сям’і. Скіроўваючы позірк на Езуса, асобныя яе члены нанова вяртаюць таксама здольнасць глядзець адно аднаму ў вочы, праяўляць салідарнасць, узаемна прабачаць адно аднаму, каб жыць у саюзе любові, адноўленым Духам Божым. Шматлікія праблемы сучасных сем’яў, асабліва ў эканамічна развітых грамадствах, вынікаюць з таго, што ўсё цяжэй знаходзіць узаемапаразуменне. Людзі не ўмеюць быць разам, а тыя нешматлікія моманты, калі можна быць побач, паглынаюцца тэлебачаннем. Распачаць нанова ружанцовую малітву ў сям’і - гэта значыць увесці ў штодзённае жыццё цалкам іншыя вобразы, якія ўказваюць збавенную таямніцу: вобраз Адкупіцеля, вобраз Яго Найсвяцейшай Маці. Сям’я, якая адгаворвае разам Ружанец, у пэўным сэнсе ўзнаўляе атмасферу дому ў Назарэце: Езус ставіцца ў цэнтр, з Ім дзеляцца радасці і цярпенні, у Яго рукі складаюцца патрэбы і планы, ад Яго бяруцца надзея і сіла на далейшы шлях. ... і дзеці. Прыгожым і плённым з’яўляецца таксама даручэнне гэтай малітве дарогі падрастання дзяцей. Хіба ж Ружанец не ёсць дарогаю жыцця Хрыста ад зачацця да смерці, ажно да змёртвыхпаўстання і ўваходу ў хвалу? Усё цяжэй сёння бацькам паспець за дзецьмі на розных этапах іх жыцця. У грамадстве развітых тэхналогій, сродкаў масавай інфармацыі і глабалізацыі ўсё стала надзвычай хуткасным, а культурныя адрозненні паміж пакаленнямі ўсё больш павялічваюцца. Самыя розныя, амаль непрадбачаныя навіны і доследы хутка ўваходзяць у жыццё дзяцей і моладзі, а бацькі не раз перажываюць пакуты, стоячы перад тою небяспекаю, якая пагражае іх дзецям. Бацькі часта спазнаюць балючыя расчараванні, бачачы няўдачы сваіх дзяцей, якія паддаюцца ілюзіі наркотыкаў, прывабнасцям неўтаймоўнага геданізму, спакусам насілля, самым розным праявам нігілізму і роспачы. Ружанцовая малітва за дзяцей, а яшчэ больш з дзецьмі, якая прывучае іх ужо з малых гадоў да гэтага штодзённага моманту «малітоўнага перапынку» ўсяе сям’і, канешне не вырашае ўсіх праблемаў, але з’яўляецца духоўнаю дапамогаю, якою не трэба пагарджаць. Можна выказаць закід, што Ружанец здаецца малітваю, якая не вельмі адпавядае густам дзяцей і моладзі сённяшняга часу. Аднак можа гэты закід трымаецца на ўяўленні аб яго нядбайным адгаворванні. Зрэшты, калі толькі цалкам захаваць асноўную структуру Ружанца, то нічога не перашкаджае, каб для дзяцей і моладзі ўзбагаціць гэтую малітву (як у сям’і, так і ў групах) адпаведнымі сімвалічнымі і практычнымі элементамі, якія б дапамаглі зразумець і ацаніць Ружанец. Чаму не паспрабаваць? ... Калі разумна прэзентаваць Ружанец, то я ўпэўнены, што моладзь зможа яшчэ некалі здзівіць саміх дарослых, засвойваючы гэтую малітву і адгаворваючы яе з энтузіязмам, характэрным для іх узросту. Ружанец — гэта скарб, які трэба нанова адкрыць. Дарагія браты і сёстры! Гэтая малітва, такая лёгкая і ў той жа час такая багатая, сапраўды заслугоўвае таго, каб хрысціянская супольнасць нанова яе адкрыла. .... Я гляджу на ўсіх вас, браты і сёстры рознага стану, на вас, хрысціянскія сем’і, на вас, хворыя і пажылыя, на вас, маладыя: вазьміце ізноў з даверам у рукі вяночак Ружанца, адкрываючы яго нанова ў святле Святога Пісання, у суладдзі з літургіяй, у згодзе са штодзённым жыццём. Няхай гэты мой заклік не застанецца непачутым!» ... (У Ватыкане, дня 16 кастрычніка 2002 года, на пачатку дваццаць пятага года майго Пантыфікату).

Пераклад Крыстыны Лялько, Pro Christo 2003.

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла