Дыялог як шлях духоўнасці ў сужэнстве і не толькі

У выдавецтве «Pro Christo» выйшла кніга, прысвечаная тэме сямейнага жыцця: «Диалог как путь духовности в супружестве и не только» («Дыялог як шлях духоўнасці ў сужэнстве і не толькі»). Аўтар кнігі — Ежы Гжыбоўскі разам са сваёй жонкай Ірэнай ў 1977-78 гадах заснавалі ў Польшчы рух «Сужэнскія сустрэчы», галоўная мэта якога — дапамагаць сужэнскiм парам умацоўваць сужэнства дзякуючы дыялогу. Больш, чым трыццацiгадовы вопыт працы паказаў, што «Сужэнскiя сустрэчы» дапамагаюць сужэнцам не толькі падчас крызісу. Рух існуе ў Літве, Латвіі, Расіі, Румыніі, Украіне, Казахстане, а з 2003 года ён пашыраецца і ў Беларусі.

Кніга «Диалог как путь духовности в супружестве и не только» перш за ўсё адрасавана аніматарам руху, але кожны можа знайсці ў ёй шмат карыснага. Яна перакладзена з польскай на рускую мову, каб з перакладу магла скарыстаць большая колькасць людзей.

Перад усім у кнізе «Диалог как путь духовности в супружестве и не только» чытач можа знайсці адказ на пытанне, якім павінен быць сапраўдны дыялог. У практыцы руху «Сужэнскія сустрэчы» істотнае значэнне маюць «прынцыпы дыялога», а менавiта: болей слухаць, чым гаварыць, разумець, а не ацэньваць, дзялiцца, а не дыскутаваць, а самае галоўнае — прабачаць. Гэтыя прынцыпы датычацца не толькі адносiнаў у сужэнстве i сям’i, але таксама ўзаемаадносiнаў з iншымi людзьмi і Богам. Дзякуючы дыялогу людзі вучацца пазнаваць адзін аднаго, паважаць і разумець, а не імкнуцца змяняць сужэнца. У сваёй кнізе Ежы Гжыбоўскі падкрэслівае, што такі дыялог не магчымы без Божай ласкі, бо менавіта Езус вучыць нас весці правільны дыялог.

Аўтар кнігі разважае таксама на тэму пачуццяў, эмоцый, псіхлагічных патрэбаў, тэмпераментаў, а таксама расказвае пра сэнс і сімволіку абраза руху, які змешчаны на вокладцы новай кнігі. У кнізе, якая з’яўляецца своеасаблівым параднікам для сужэнцаў, змешчаны таксама сведчанні ўдзельнікаў рэкалекцый і уік-эндаў, арганізаваных рухам «Сужэнскія сустрэчы».

Якім чынам людзі могуць уплываць адзін на аднаго? Ці трэба працаваць над сабой? Як правільна размаўляць з іншым чалавекам? Ці залежыць спосаб малітвы ад тэмпераменту чалавека? Як уплывае сувязь з Богам на дыялог між сужэнцамі? На гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці адказы ў новай кнізе Ежы Гжыбоўскага — аўтара, які папулярны не толькі ў Польшчы, але і далёка за яе межамі.

Людміла Бурлевіч

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла