Каляндар, прысвечаны Году Божай міласэрнасці

У межах падрыхтоўкі да Году Міласэрнасці, які папа Францішак абвясціў 11 красавіка 2015 года булаю Misericordiae Vultus і які распачнецца 8 снежня 2015 года, у выдавецтве «Про Хрысто» выйшаў каляндар на 2016 год, прысвечаны Божай міласэрнасці.

«Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» — гэтыя словы Евангелля ад Лукі (6, 36) з’яўляюцца дэвізам Надзвычайнага Святога Году Міласэрнасці і яны ж упрыгожваюць тытульную старонку календара, нібы даючы сапраўдны кірунак нашым духоўным намаганням не толькі на 2016 год, але і на ўсё далейшае жыццё. Кожны каляндарны месяц суправаджаецца цытатамі з пасланняў святога Яна Паўла ІІ, шанавальніка і прыхільніка культу Божай міласэрнасці, а таксама з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай, праз якую Бог нагадаў свету праўду аб сваёй міласэрнасці, і з працаў благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, спаведніка св. Фаўстыны і заснавальніка манаскай супольнасці сясцёр Езуса Міласэрнага.

Старонкі календара ўпрыгожваюць выявы цудатворнага абраза з подпісам «Езу, давяраю Табе», іншых вядомых абразоў і скульптураў, распаўсюджаных у нашых касцёлах, капліцах і сем’ях, а таксама фотаздымкі.

«Упэўнены, што гэты каляндар будзе спрыяць лепшаму разуменню міласэрнасці як уласцівасці Бога, — напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у прадмове да календара, — а праз пасрэдніцтва Божай Маці дапаможа наблізіцца да Езуса, які ёсць абліччам міласэрнасці нашага Нябеснага Айца».

Каляндар можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25);
у кіёску архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
(г. Мінск, пл. Свабоды, 9);
у пробашчаў парафій і ў іншых парафіяльных касцёльных кіёсках.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней