Дзесяць цудаў генерала

У Год Міласэрнасці вельмі актуальным будзе артыкул Эвы К. Чачкоўскай «Дзесяць цудаў генерала» пра Януша Брохвіча-Лявінскага, жыццё якога распачалося ў Ваўкавыску, а пачатак вайсковай службы прайшоў у Гродне. Далей былі былі драматычныя вайсковыя прыгоды, потым доўгія гады эміграцыі ў Вялікабрытаніі, праца ў Германіі. Але з упэўненасцю можна сказаць, што сапраўдным цудам Божай міласэрнасці з’яўляецца ўсё жыццё генерала. Падчас складаных перапетыяў лёсу вайсковец (цяпер ужо 95-гадовы чалавек) моцна верыў і верыць у апеку Езуса Міласэрнага і заўсёды трымае пры сабе абразок з Яго выяваю. Гэта вера не адзін раз дапамагала Брохвічу-Лявінскаму выжыць у сітуацыях, калі, з чалавечага пункту погляду, смерць была непазбежная. Пра жыццё генерала можна напісаць захапляльны прыгодніцкі раман...

 

*  *  *

«Ён (Езус) быў са мною ўвесь час. Ён быў у верасні 1939 г. падчас смяртнага прысуду, вынесенага мне бальшавікамі. Ён быў у партызанцы і падчас Варшаўскага паўстання. Ён спадарожнічаў мне ў няволі і падчас ранення. Ён вандраваў са мною па свеце — быў са мною на працягу трыццаці гадоў службы ў брытанскай арміі, пакуль я не прывёз Яго назад у Польшчу», — апавядае гісторыю свайго жыцця генерал Януш Брохвіч-Лявінскі, вядомы пад аператыўным псеўданімам «Грыф», а гісторыя яго жыцця можа быць матэрыялам для некалькіх сенсацыйных ваенных і шпіёнскіх фільмаў.

Галоўную ролю ў гэтым аповедзе адыгрывае малы бела-блакітны абразок з выяваю Езуса Міласэрнага і надпісам «Езу, давяраю Табе». З 1939 года Януш Брохвіч-Лявінскі не расставаўся з гэтым абразком. Ён насіў яго заўсёды з сабою. Брохвіч страчваў усё, але абразка Езуса — ніколі. Цяпер гэты выцвілы, склеены абразок, як самая вялікая каштоўнасць, пакладзены пад шкло і ўстаўлены ў рамку, вісіць у варшаўскай кватэры «Грыфа» побач з шабляю генерала брыгады, якую Януш атрымаў разам з намінацыяй у 2008 годзе і «Ордэнам ваенным Virtuti Militari» загераічнае змаганне ў Варшаўскім паўстанні.

«Гэты абразок і звязаная з ім духоўная апека маёй маці ўчынілі шмат цудаў — уратавалі мне жыццё ў сітуацыях, з якіх я не мог выйсці жывым. Некалькі разоў мяне хацелі забіць савецкія агенты, два разы мяне спрабавалі атруціць — а я жыву. Ён (Езус) жыве, і я жыву, а мусіў быць ужо пяць або дзесяць разоў у магіле», — расказвае генерал.

У верасні 2013 года «Грыфу» споўнілася 93 гады. У яго ёсць праблемы з хадзьбою, але памяць і гумар, улічваючы ўзрост і яго абмежаванні, не падводзяць. Узрост не адабраў у яго красамоўства, манераў сапраўднага джэнтльмена і хлапечай прыгажосці, якія асабліва заўважныя ў моманты, калі ён весела ўсміхаецца, згадваючы пра салдацкія подзвігі.

Абразок Езуса Міласэрнага напярэдадні Другой сусветнай вайны дала яму маці, Ядвіга Брохвіч-Лявінская з роду Пехацінскіх. Яе прыгожы твар глядзіць са здымкаў у кватэры «Грыфа». На адным з іх яна ў бальнай сукенцы, з пярлінамі на шыі. Здымак быў зроблены ў 1929 годзе, калі ёй было 29 гадоў. Муж Станіслаў, старэйшы за яе на пяць гадоў, быў выкладчыкам літаратуры і сучасных моваў ва ўніверсітэтах Вільні і Кракава. Адзінаму сыну Янушу было тады 9 гадоў. Іх сямейны быт, іх уклад жыцця зруйнавала вайна. Потым яны ўжо ніколі не сустрэліся разам — маці, бацька і сын.

Януш Брохвіч-Лявінскі пайшоў на вайну 30 жніўня 1939 года. Ён атрымаў загад вярнуцца на месца размяшчэння 76-га пяхотнага палка ў Гродна, калі быў на канікулах у бабулі і дзядулі ў маёнтку Петраўшчызна, недалёка ад Ваўкавыска. Януш быў размеркаваны у пяхотны полк у маі таго ж года. Адразу пасля атрымання атэста сталасці перад выездам на вучобу ў Швейцарыю ён уступіў у войска, бо так наказвала сямейная традыцыя і патрыятычнае выхаванне. Перад ад’ездам у полк у Гродна маці дала яму абразок Езуса Міласэрнага з надпісам «Езу, давяраю Табе». Малады чалавек раней ніколі не бачыў такой выявы Езуса.

Маці сказала: «Гэты абразок будзе цябе ахоўваць. Ён асвечаны, насі яго з сабою».

— Я так і зрабіў, — распавядае генерал — Уклаў абразок у ваенны білет, які насіў у кішені формы.

Выява Езуса на абразку была няўмелай копіяй абраза, намаляванага Яўгеніем Казіміровічам у 1934 годзе ў Вільні. Генерал забыўся, што маці атрымала абразок ад пробашча з Ваўкавыска, які сказаў ёй, што абразок мае вялікую сілу. У сваю чаргу пробашч парафіі святога Вацлава Ежы Жамейць атрымаў яго ад ксяндза Міхала Сапоцькі, духоўнага кіраўніка сястры Фаўстыны, які бываў у Ваўкавыску <…>

Ядвіга Брохвіч-Лявінская захавалася ў памяці сына як пабожная і міласэрная жанчына. Даючы Янушу абразок Езуса Міласэрнага, яна запэўніла яго ў сваёй гарачай малітве. Напэўна, Ядвіга моцна давярала Богу, бо даручыла Яму адзінага сына, а давер з’яўляецца фундаментам культу Божай міласэрнасці. Невядома, ці ведала яна ўжо малітвы, перададзеныя сястрою Фаўстынаю разам з пасланнем Божай міласэрнасці, — гэта малаверагодна, бо на адваротным баку абразка была змешчана малітва да Хрыста Валадара, блізкая сэрцу ксяндза Сапоцькі.

— Пра той абразок і пасланне Божай міласэрнасці я тады нічога не ведаў. Ведаў толькі тое, што абразок быў асвечаны ў інтэнцыі маёй аховы падчас вайны. Аказалася, што абразок выконваў даручэнне больш доўгі час, — гаворыць генерал.

 

Цуд першы

17 верасня 1939 года, у дзень уваходу Чырвонай Арміі ў Польшчу, курсанту Брохвічу-Лявінскаму споўнілася 19 гадоў. Праз тры дні пасля цяжкай барацьбы група салдат, якою ён кіраваў, была разбітая ў раёне Баранавічаў.

— Бальшавікі забівалі ваеннапалонных на прцягу некалькіх дзён і начэй, асабліва афіцэраў. Прыстаўлялі наган да патыліцы і стралялі...

Пятнаццаць афіцэраў, асуджаных за нанясенне «саветам» нібыта асабліва цяжкіх стратаў, былі пастаўленыя перад судом НКУС. Сярод іх апынуўся малады Брохвіч. П’яны чэкіст вынес яму смяротны прысуд.

— Тады здарыўся першы цуд: мне ўдалося ўцячы з няволі. Не ведаю, што сталася, але пасля забойства дзесяці чалавек апошняй пяцёркі, у якой я быў, нас не расстралялі на месцы. Бальшавікі пасадзілі нас у цягнік, каб перавезці на савецкую тэрыторыі і там расстраляць. На прыгранічнай станцыі ў Негарэлым цягнік затрымаўся на чыгуначнай ветцы. Адзін з афіцэраў заўважыў, што дзве дошкі ў падлозе вагона былі моцна пашкоджаныя і з лёгкасцю даставаліся. Мы ўцяклі і разышліся ў розныя бакі. Я ішоў у бок Брэста па кампасе, які «саветы» не адабралі пасля вобыску.<…> Харчаваўся тым, што знаходзіў, — якой-небудзь грушкаю альбо яблыкам, агурком, памідорамі. Буханку хлеба, якую атрымаў у цягніку на дарогу, эканоміў. Два дні я мусіў ісці так, бо ведаў, што калі мяне схопяць, то здадуць НКУС і я загіну...

Абразок Езуса Міласэрнага Януш насіў з сабою ў кішэні формы. Урэшце ён дайшоў да Буга, які быў савецка-нямецкай мяжою. На другі бераг пад покрывам ночы яго перавёз нейкі рыбак. З ранейшай асцярожнасцю, цяпер хаваючыся ад немцаў, ён вырушыў на Варшаву, куды дайшоў праз два месяцы пасля ўцёку з савецкага цягніка, які вёз яго на смерць.

 

Другі цуд

Яшчэ ў 1939 годзе Януш Брохвіч-Лявінскі апынуўся ў Любліне. Ён працаваў кладаўшчыком у нямецкай фірме па гандлі будаўнічымі матэрыяламі і вуглём. Яго кіраўнік быў вельмі задаволены маладым палякам, які цудоўна размаўляў па-нямецку. Дзякуючы гэтай працы Брохвіч меў добрыя дакументы, якія прыдаліся яму праз паўгода, калі ён навязаў кантакт з Саюзам узброенай барацьбы і як камандзір узвода пад псеўданімам «Грыф» па суботах і нядзелях выязджаў у лясы пад Люблінам, каб вучыць салдатаў, і тады, калі праводзіў акцыі сабатажу. У 1943 г. аднаго з яго падначаленых схапіла гестапа, і пасля катавання ён назваў прозвішча і адрас Брохвіча. Гестапа падрыхтавала ў яго кватэры засаду.

«У абедзены перапынак я заўсёды ездзіў на ровары дадому, каб паабедаць і адпачыць, але ў той дзень па інтуіцыі застаўся на працы. Пасля перапынку адзін з працаўнікоў сказаў: „Шэф, будзьце пільным, бо перад Вашым домам стаяць гестапаўцы. У іх грузавік і машына на гусенічным хаду“. Калі б я паехаў дадому на абед, трапіў бы ў засаду, а адтуль, у лепшым выпадку, у лагер, а хутчэй за ўсё, мяне б паставілі да сцяны і пусцілі б кулю ў лоб».

Брохвіч дачакаўся заканчэння працы, спакаваў партфель, сеў на ровар і спакойна выехаў за горад. Ён паехаў за пятнаццаць кіламетраў у леснічоўку. Праз два дні Януш быў ужо ў партызанскім атрадзе ў лесе. Ён ацалеў. <...>

 

Трэці цуд

Калі б генерал Януш Брохвіч-Лявінскі пералічваў усе цуды свайго жыцця, то гэты быў бы на першым месцы. Цуд адбыўся на восьмы дзень Варшаўскага паўстання. 2 жніўня 1944 года Брохвіч знаходзіўся ў касцёле Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці на вуліцы Жытняй, якая была бліжэй да месца сустрэчы паўстанцаў. «Мы папрасілі капелана цэлебраваць святую Імшу перад тым, як пачнецца акцыя», — успамінаў генерал.

Януш Брохвіч-Лявінскі тады не ведаў, што Езус Міласэрны з абразка, які ён насіў у кішэні паўстанцкай курткі, аб’явіўся манашцы гэтай супольнасці. Ён не ведаў і пра тое, што гэта была сястра Фаўстына, якая малілася ў гэтым касцёле і жыла ў гэтым кляштары. Брохвіч таксама не ведаў, што Езус сказаў Фаўстыне: «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу». Пасланне Езуса, перададзенае сястры Фаўстыне, ведалі тады нямногія. Яшчэ менш людзей ведала пра «Дзённік» і візію Фаўстыны, у якой яна ўбачыла знішчэнне Варшавы.

Для Януша Брохвіча-Лявінскага паўстанцкая барацьба закончылася 8 жніўня 1944 года, калі кіраўнік батальёна «Парасоль», капітан Адам Борыс пад аператыўным псеўданімам «Плуг», паслаў яго на евангелісцкія могілкі.

Немцы расставілі там агнявыя пункты і забівалі паўстанцаў.

«Капітан Адам Борыс хацеў, каб мы выбілі адтуль немцаў і задалі ім жару, — успамінае генерал загад «Плуга». — Спачатку у нас усё добра атрымлівалася. Аднак яны мелі перавагу: былі апранутыя ў мяцовую форму, мелі вінтоўкі з прыцэламі і найперш стралялі ў кіраўнікоў паўстанцаў. Яны стралялі ў сэрца або ў бараду. Адзін са стралкоў заўважыў мяне і стрэліў мне ў бараду, — генерал паказвае месца, у якое трапіла куля. — Ударыла сюды, а выйшла тут, — паказвае правую шчаку са шрамам. — У той момант, калі куля ляцела да мяне, я якраз павярнуў галаву. Калі б я гэтага не зрабіў, то куля працяла б мне патыліцу, і мяне б ужо не было». <…>

Я адчуваў, як нейкая сіла падкінула мяне ўверх, як мячык. Я ўпаў на магілу, пачаў сцякаць крывёю і страціў прытомнасць, а потым як бы «выйшаў» з цела. Цела засталося на зямлі, на могілках, а я паляцеў уверх. Я бачыў блакітнае неба, прыгожае сонца і шырокую зялёную цясніну, па якой ляцеў. У мяне нічога не балела. Вакол усё было зялёнае, я адчуваў цяпло і прыемнасць. Нечакана перад вачымі прайшоў «фільм» майго жыцця. Я бачыў момант, калі дзіцем упаў у яму з вапнаю і быў выцягнуты паўмёртвым; момант, калі, ловячы рыбу баўтануўся ў ваду. Я бачыў твар маці і бацькі, нейкія моманты са школьнага жыцця, некалькі ваенных і партызанскіх здарэнняў. Я бачыў гэта так выразна, нібы глядзеў на экран у кінатэатры. Раптам «фільм» скончыўся, і я паляцеў далей, але павінен быў затрымацца, бо быў ужо канец зоны, — генерал часта ўстаўляе чужое слова, апісваючы гэту сферу. — За ёю мусіла быць нейкая іншая зона, пасля праходу якой — так сабе ўяўляю — ужо нельга вярнуцца назад на зямлю. Я паглядзеў уніз. Убачыў тунель, у канцы якога ляжала маё цела. Я бачыў сваю кулю, такую маленькую, — генерал паказвае пальцамі сантыметровы адрэзак. — І раптоўна нейкая магутная сіла ўцягнула мяне ў гэту кулю. Я стаў нармальным, моцным чалавекам. У адно імгненне ў мяне пачало ўсё балець. На шчасце, я зноў страціў прытомнасць, а апрытомнеў на шпітальным ложку».

«Грыф» не ведае, як доўга ён быў непрытомны. Ведае толькі, што пасля ранення, з вялікаю дзіркаю ў галаве («памеру талерачкі ад гарбаты»), ён быў перавезены ў паўстанцкі шпіталь у старую частку горада на вуліцу Фрэта. Санітарка, якая рабіла яму перавязку, самлела.

<…> Урач сшыў яму ў шпіталі гэтую дзірку і нічым больш дапамагчы не мог. Сківіца была разбітая куляю ў трох месцах, язык спалены.

«Я апух да такой ступені, што сябры, прыйшоўшы наведаць, не пазналі мяне і мінулі мой ложак. <...> На працягу трох тыдняў я не мог размаўляць, нічога не еў, толькі піў, ляжаў нерухома». <…>

Яшчэ больш незразумела тое, як у такім стане генерал Януш Брохвіч-Лявінскі перанёс эвакуацыю са старога горада ў цэнтр. 31 жніўня 1944 года ён ішоў па каналах, нягледзячы на тое, што выпускалі толькі тых, хто мог сам ісці. На працягу 26-ці гадзін (столькі заняло часу, каб прайсці каналамі каля 1800 метраў) два невядомыя паўстанцы цягнулі яго загразшым па шыю па карычневай каламазі. На паверхню яго выцягнулі вяроўкамі. Абразок з надпісам «Езу, давяраю Табе» быў пры ім. <…>

 

Цуд чацвёрты

Пасля капітуляцыі 5 кастрычніка 1944 года — гэта была як раз шостая гадавіна смерці сястры Фаўстыны — падпаручнік Брохвіч-Лявінскі трапіў у перасыльны лагер у Ламбсдорф. Адтуль у снежні 1944 года яго перавезлі ў лагер для ваеннапалонных афіцэраў «Murnau7A»ў Германіі. Назву «Murnau 7A» і дату 5 кастрычніка 1944 года ён запісаў на адваротным баку абразка Езуса Міласэрнага. У канцы красавіка 1945 года, калі амерыканцы вызвалілі ваеннапалонных з лагера, у Януша Брохвіча-Лявінскага распачалася гангрэна. Саюзнікі адразу ж пасадзілі яго ў санітарны самалёт, які абраў курс на вайсковы аэрапорт каля Мюнхена, а адтуль — у вайсковы шпіталь у Парыжы. Але вайна яшчэ працягвалася. У ваколіцах Вюрсбурга санітарны самалёт быў атакаваны нямецкім знішчальнікам, які выпусціў па ім кулямётную чаргу.

— Кулі трапілі ў параненага афіцэра, які ляжаў у самалёце нада мною. Зверху на мяне цякла кроў. Я быў такі мокры, што пілот мусіў даць мне адзежу, каб пераапрануцца.

У Мюнхене Брохвіча пасадзілі на самалёт да Парыжа. Калі ён урэшце трапіў у 94-ы вайсковы амерыканскі шпіталь, высветлілася, што аддзяленне трансплантацыі касцей ужо эвакуяванае. Пасля тыднёвага лячэння пеніцылінам яго выпісалі. Пад канец 1945 года Януш Брохвіч-Лявінскі быў ужо у Лондане, у генерала Тадэвуша Бура-Камароўскага, кіраўніка Арміі Краёвай. Брохвіча прыкамандзіравалі ў 1-ю асобную парашутную брыгаду, якая базавалася ў Шатландыі. У шатландскім шпіталі ён вытрываў аперацыю па транспланталогіі касцей: ад бядра да сківіцы. Гэта адбылося праз трынаццаць месяцаў пасля ранення, таму ўрачы не мелі асаблівай надзеі на вынікі. Яны дзівіліся, што ў такім стане Януш Брохвіч увогуле жыве. Ён быў для іх доказам незвычайных магчымасцяў арганізма.

У шпіталі Януш Брохвіч правёў паўгода. Цяпер пасля дзіркі ў шчацэ «велічынёю з талерачку ад гарбаты» застаўся толькі невялікі шрам і памяць пра цудоўнае выратаванне.

Праз шмат гадоў генерал размаўляў з урачамі ў Вялікабрытаніі і ў Германіі пра тое, што ён перажыў падчас клінічнай смерці. Яны гаварылі, што ў іх практыцы былі падобныя выпадкі. Кожны з такіх людзей меў свой досвед: «фільм» з жыцця, адсутнасць болю і вандроўку ў прасторы. «Для мяне перажытае азначае, што існуе жыццё пасля жыцця. Мы паміраем толькі як цела, а тое, што з яго выходзіць, жыве вечна. Гэта значыць, што ў прасторы павінна быць шмат, вельмі шмат людзей, якіх мы на зямлі не бачым», — гаворыць Януш Брохвіч-Лявінскі.

 

Цуд пяты

Пасля заканчэння вайны старэйшы лейтэнант Януш Брохвіч-Лявінскі застаўся на Захадзе. Ён быў вымушаны застацца.

— Калі б я вярнуўся, ляжаў бы ў зямлі, як Пілецкі, Фельдорф, «Запора», —пералічвае ён прозвішчы герояў. — Як іншыя, якія змагаліся за Польшчу і за яе паміралі, бо хацелі, каб была свабодная.

Аб тым, каб Януш не вяртаўся, бо загіне, напісала яму ў лісце, перавезеным кантрабандаю ў Швейцарыю, яго маці. Яна пісала, што нястомна за яго малілася. Ядвіга Брохвіч-Лявінская пасля вайны пасялілася ў родзічаў у Шчэціне. Калі запанаваў сталінізм, яна была вымушаная хавацца. Паходжанне і знаходжанне сына і мужа на Захадзе давалі шмат падставаў для яе арышту. Але і пасля палітычнай «адлігі» служба бяспекі знаходзіла яе, прымушала пісаць сыну лісты, намаўляючы вярнуцца ў Польшчу. А яна малілася, каб ён застаўся за мяжою, каб Езус Міласэрны ахоўваў яго. Спачатку лісты прыходзілі рэдка, перадаваліся ў страху вакольнымі шляхамі па ланцугу пасярэднікаў. Генерал захоўвае ўсе лісты ад маці ў сваёй кватэры ў горадзе Хам (Германія). У адным з лістоў, маці пісала: «Дарагі мой сын, гэта кветка з працэсіі Божага Цела. У маёй душы такі сум. У думках я часта бываю побач з табою і пастаянна малюся за цябе, просячы Бога аб тваім здароўі і ахове ад усялякага зла». Яны ніколі больш не сустрэліся. <…>

Уступіўшы ў кастрычніку 1947 года ў брытанскую армію, «Грыф» пастаянна насіў з сабою абразок Езуса Міласэрнага. Абразок суправаджаў яго ў Палестыну, Судан, Егіпет, Сірыю, Гібралтар, Мальту, Грэцыю, Румынію і іншыя мясціны, дзе было небяспечна, як падчас вайны. Менавіта абразку і малітвам маці ён прыпісвае цудоўныя ратункі ў сваім жыцці.

— Некалькі разоў я трапляў у сітуацыі, з якіх рэальна не мог выйсці жывым, а выходзіў. Цуды сапраўды адбываліся.

Пяты цуд у жыцці Януша Брохвіча-Лявінскага здарыўся ў красавіку 1947 года ў Палестыне.

«У Хайфе здарыўся небяспечны выпадак. Яўрэйская тэрарыстычная арганізацыя «Irgun Cwai Leumi», якою кіраваў Мінахем Бегін, iарганізацыя «StertGang» схапілі 12 брытанскіх салдатаў — маладых хлопцаў, дзевятнаццацігадовых навабранцаў, якія ўвечары пайшлі ў рэстаран на піва. Зняволілі іх, а потым павесілі на вулічных ліхтарах. Брытанцы былі раз’юшаныя. Некалькі дзён я хадзіў у патрулі. З іншым афіцэрам мы хацелі праверыць некаторыя дамы, дзе тэрарысты мелі сховішча, каб на наступны дзень выбіць іх адтуль танкамі. Тады на нас напалі дзесяць тэрарыстаў. <…> Нам удалося забіць траіх, але астатнія ўцяклі. Я быў тады вельмі блізкім да смерці», — гаворыць Брохвіч. <…>

 

Цуд шосты

Шосты цуд здарыўся ў Любеку (поўнач Германіі) у 1948 годзе, калі Януш Брохвіч-Лявінскі ахоўваў брытана-савецкую дэмаркацыйную лінію.

— Я выконваў добрую працу, — такое азначэнне часта даваў генерал.

«Добрая праца» заключалася ў лоўлі савецкіх агентаў, якія з тэрыторыі Усходняй Германіі, дзе быў галоўны шпіёнскі савецкі цэнтр, пераходзілі ў Заходнюю Германію. У гэтай працы вельмі прыдалося адно з многіх уменняў генерала — веданне замежных моваў, у тым ліку і славянскіх. Гэта ўменне ён выкарыстаў таксама ў адну з лістападаўскіх начэй 1948 года.

«Была пятая гадзіна раніцы, калі я ехаў па дамбе, уздоўж якой ішла дэмаркацыйная лінія каля рэчкі Лаба. Дадому я вяртаўся ўжо змучаным, бо выслухаў некалькіх затрыманых патрулём людзей. Не раз я ездзіў гэтаю дарогаю. Раптам у мой бок паляцела кулямётная чарга, — распавядае Брохвіч, як пра сцэну са шпіёнскага фільма. — Саветы ўзялі мяне мушку.

З гэтай пасткі Януш Брохвіч-Лявінскі практычна не мог выйсці жывым. Механікі налічылі ў яго машыне 17 дзірак.

 

Сёмы цуд

2 студзеня 1953 года Януш Брохвіч-Лявінскі трапіў у сур’ёзную аварыю. Ён перакананы, што гэта быў замах на яго жыццё.

«Я працаваў у вайсковай часці ў горадзе Ізерлон у Вестфаліі, але жыў у мясцовасці, аддаленай на 50 кіламетраў. Я ездзіў на працу на „Фордзе-задыяку“. У той дзень ехаў павольна з уключанымі фарамі, бо было слізка. <…> Нечакана з бакавой вуліцы на мяне выскачыў вялікі дзесяцітонны грузавік і ударыў у бок. Мая машына перакулілася, упала ў роў. Я застаўся пакалечаным у машыне, а мусіў быць трупам на месцы».

Але Брохвіч выжыў. Ужо не першы раз. Ён быў моцна пакалечаны: галава разбітая, рэбры паламаныя, сцякаў крывёю.  

«Калі прыехала пажарная і разразала машыну, каб дастаць мяне, казалі, нібы я паміраю, — узгадвае Януш Брохвіч-Лявінскі. — Па дарозе ў вайсковы шпіталь урач сказаў, што я не даеду жывым. А я і з гэта выбраўся».

У шпіталі генерал правёў два месяцы, з іх чатары тыдні ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Падчас аварыі ён згубіў абразок Езуса Міласэрнага, але ненадоўга. Абразок прынесла медсястра, папярэдне ачысціўшы яго ад крыві.

«Я шмат разоў страчваў усё, што меў, але абразок заўсёды знаходзіўся. Можа таму, што ён быў у ваенным білеце, а потым у службовым пасведчанні? — разважае Брохвіч. — Я глядзеў на гэты абразок усё жыццё і дзякаваў Божаму Провіду, што ён здзейсніў такія цуды.

 

Цуд восьмы і дзявяты

Цуды здараліся не толькі тады, калі я быў афіцэрам брытанскай арміі і як агент балансаваў на мяжы жыцця і смерці.

«Два разы мяне хацелі забіць тут, у Варшаве, — „Грыф“ сцішвае голас. — Мяне адзін раз атруцілі ў рэстаране, другі раз — дома. У рэстаране я замовіў пячонку, даўга чакаў, пакуль яе прынясуць. Прынесеная пячонка мне не падабалася, бо мела смак лекаў. Я з’еў няшмат, астаткі пакінуў на талерцы. Праз дзесяць хвілін пасля выхаду з рэстарана ў мяне закруцілася галава, нібы цацка „ваўчок“. Я не мог ісці, трымаўся за сцены. Перажыў гэта толькі таму, што не з’еў усю печань. Інакш бы здох», — генерал выкарыстоўвае моцныя салдацкія словы.

Другі раз атрута знаходзілася ў шакаладцы, якую нехта прынёс яму ў падарунак.

«Праз дваццаць хвілін пасля выхаду госця я адчуў моцны боль. Мяне паралізавала — не мог рухаць ні рукамі, ні нагамі, нібы скамянеў. Я здолеў дапаўзці да ваннай, дзе распачалася рвота. Ляжаў, напэўна, дзесяць гадзінаў, пакуль паволі пачало адпускаць і зноў мог рухацца. <...>

 

Дзясяты цуд

«Вяртанне генерала ў Польшчу — гэта таксама справа Божай міласэрнасці», — говорыць Агнешка Багуцкая, старшыня варшаўскага аддзела Польскай супольнасці, якая прымала актыўны ўдзел у змене месца жыхарства Януша Брохвіча-Лявінскага. <...>

Ён хацеў вярнуцца ў Польшчу, але адначасова асцерагаўся. Як афіцэр брытанскай разведкі, які арыштоўваў савецкіх шпіёнаў і ведаў пра агентурнае мінулае многіх вядомых у Польшчы людзей, ён усведамляў, што мае тут шмат ворагаў. <...> У 2004 годзе ён вырашыў пераехаць у Польшчу на сталае месца жыхарства. Тады яму было 84 гады. Гэта нядобры ўзрост для змены месца жыхарства, а тым больш для змены краіны, нават калі гэта даўно пакінутая Бацькаўшчына. Але патрэбна была вера ў Божую апеку, у якой ён упэўніваўся на працягу жыцця.

«Калі ў 2002 годзе я выслала генералу запрашэнне на святкаванне гадавіны паўстання, ён даслаў мне ліст, у якім быў гэты абразок». — Агнешка Багуцкая паказвае на абразок Езуса Міласэрнага на сцяне. — Памятаю, убачыўшы яго, я моцна ўразілася».

У лісце генерал нічога не напісаў пра абразок. На мае пытанне, чаму ён яго выслаў, адказаў: «Зрабіў гэта проста так».

Але для Агнешкі Багуцкай гэта быў знак. Яна ведала, што павінна апекавацца генералам. <…> Ядвіга Брохвіч-Лявінская памерла ў 1985 годзе, за некалькі гадоў да падзення Бярлінскай сцяны, ёй было 85 гадоў. Яна памерла ў тым самым годзе, калі «Грыф» пайшоў на пенсію, калі закончыў ваенна-разведчыцкую службу, на працягу якой яго ахоўвала малітва маці.

...У малой кухні ў варшаўскай кватэры генерала вісіць каляндар з выяваю Езуса Міласэрнага. Ён купіў яго даўно, у нядзелю Божай міласэрнасці ў 2005 годзе, калі першы раз з часоў паўстання наведаў касцёл на вуліцы Жытняй у Варшаве. Гады мінаюць, а каляндар вісіць. «Грыф» любіць гэтую выяву Езуса Міласэрнага, нягледзячы на тое, што ў пакоі вісіць абраз вялікага памеру, намаляваны алеем прафесійным мастаком <…>

Аднак, калі ён моліцца, сядае ў кухні.

«Гэта выява Езуса з’яўляецца для мяне алтаром, — прызнаецца з хлапечаю ўсмешкаю. — Я не кладуся спаць, пакуль не паразмаўляю з маім Езусам».

Эва К. Чачкоўская
Пераклад з польскай мовы Іны Бігель.
Паводле: Cuda świętej Faustyny.— Kraków, Wyd.«Znak», 2014.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла