У чым знайсці радасць?

Па старонках снежаньскага нумара часопіса «Ave Maria» 

У гэтую туманную, халодную пару, калі наперадзе яшчэ ўся зіма, калі выходзіш і прыходзіш дадому зацемна, нам так не хапае сапраўднай радасці. Прычынаў, як звычайна, шмат: дэпрэсія і расчараванні, адсутнасць грошай або непаразуменні з сябрамі… Святы наперадзе, а «святочнага настрою няма», як часта даводзіцца чуць ад знаёмых. Таму нездарма ў снежаньскім выпуску часопіса «Ave Maria» так шмат гаворыцца пра міласэрнасць, да якой нас заклікае і папа Францішак у гэты Юбілейны Год, і сам Пан Бог яшчэ са спрадвечных часоў. У артыкуле «Не стамляйцеся быць міласэрнымі…» (падрыхтаваным Юліяй Шэдзько) распавядаецца пра кнігу «Касцёл міласэрнасці» — зборнік невялікіх урыўкаў з дакументаў, прамоваў, гамілій папы Францішка. У публікацыі прапануецца таксама некалькі яскравых урыўкаў з гэтае кнігі — яны вяртаюць нас на тыя евангельскія сцежкі, з якіх мы часам крыху збіваемся ў тлуме шматлікіх праблем сучаснасці. 

«Як дапамагчы хрысціяніну, які перажывае дэпрэсію?» — артыкул кс. Андрэя Рылкі з такою назваю сугучны з тым пачуццём бязрадаснасці і стомленасці, пра якія ўзгадвалася вышэй. Аўтар гаворыць не толькі пра вядомыя ў псіхалогіі розныя віды дэпрэсіі, але і пра такую складаную яе форму як «неадэкватная рэакцыя чалавека на прысутнасць Бога ў яго жыцці». Святар прапануе чытачам звярнуцца да прыкладаў біблійных асобаў, якія паспяхова прайшлі сваю «цёмную даліну» (Ілля, Ёў, Майсей, Давід) і ў наш час могуць «падказаць» чалавецтву магутныя лекі ад дэпрэсіўнага стану. 

Пра «лекі» ад сямейных крызісаў распавядаецца ў артыкуле Людмілы Бурлевіч «Некалькі словаў пра рух „Сужэнскія сустрэчы“», дзе аўтарка прэзентуе кнігу Ежы Гжыбоўскага «Дыялог як шлях духоўнасці ў сужэнстве, і не толькі». У артыкуле цытуюцца словы самога аўтара гэтае кнігі і прыводзяцца цікавыя аповеды ўдзельнікаў руху «Сужэнскія сустрэчы» пра тое, як ён дапамог ім наладзіць адносіны з сужэнцамі і навучыцца працаваць над гэтымі адносінамі.

Святочны настрой чытачам дапамогуць стварыць рэцэпты з падборкі «Да святочнага стала», шматлікія іншыя артыкулы пад рубрыкамі «Год міласэрнасці», «Сведчанне», «У выдавецтве „Pro Christo“», «Старонка псіхолага», «Моладзевы квартал».

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла