Простыя словы

Трэцяя нядзеля Адвэнту, год С (13.12.2015)

«І пыталіся ў яго людзі, кажучы: “Што мы павінны рабіць?” Ён казаў ім у адказ: “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае”. Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: “Настаўнік, што мы павінны рабіць?” Ён адказаў ім: “Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце”. Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: “А мы што павінны рабіць?” Ён адказаў ім: “Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся платай сваёй”.

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: “Я вадою хрышчу вас, але ідзе Мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным”. Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу» (Лк 3, 10–18).

Простыя словы

Да Яна Хрысціцеля прыходзяць натоўпы, людзі розных прафесій, з розных слаёў грамадства і пытаюцца, што зрабіць, каб атрымаць збаўленне, каб аздаравіць сваё жыццё. Адказ Яна гучыць банальна, насуперак таму, што ад яго чакаюць: дзяліцеся тым, што маеце, нікога дарма не крыўдзіце. Можна сказаць: імкніцеся жыць сумленна. Не кажучы ўжо пра тое, што жыць сумленна — гэта часам вельмі няпроста, можна адчуваць, што Ян замала сказаў пра свае патрабаванні.

Гэтая сцэна каля Ярдану нагадвае мне іншы выпадак, які адбыўся нашмат раней, але таксама недалёка ад гэтай ракі. Да прарока Елісея прыйшоў пракажоны ваеначальнік Араму. Прарок даў яму вельмі банальную параду: ідзі, абмыйся ў рацэ. Ваеначальнік чакаў ад яго нейкіх незвычайных словаў, таму, пачуўшы такую простую параду, хацеў ўжо ў гневе сысці, але слугі пераканалі яго паслухацца прарока. Ён зрабіў, як яму раіў Елісей, і аздаравіўся, адкрыўшы для сябе, што справа не ў самім абмыванні, справа не ў водах ракі Ярдан, а ў Ягвэ, які дае збаўленне.

Сёння Ян кажа нам простыя рэчы. Іх часам вельмі складана выканаць, але самі парады простыя: жывіце сумленна на шляху свайго жыцця. Твае намаганні, хоць самі па сабе не могуць збавіць, маюць сэнс. Праз іх можна сустрэцца з тым, хто большы за Яна — з Месіяй, Езусам, чыё імя ў перакладзе азначае «Бог збаўляе».

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла