Вянок на святы

Традыцыю з’яўлення вянкоў на навагоднія святы ўвёў Ёган Віхерн з Гамбурга. Ёган меў дастаткова сродкаў для таго, каб аказваць бедным сем’ям дапамогу. Ён збіраў у сябе бедных або асірацелых дзяцей, каб яны не памерлі з голаду. Добры Віхерн выхоўваў дзетак, карміў іх і імкнуўся даць ім належную адукацыю. Малыя любілі свята Божага Нараджэння і пастаянна пыталіся ў выхаваўцы, калі яно настане. Вынаходлівы Ёган вырашыў зрабіць ім падарунак са звычайнага драўлянага кола, дзе размясціў 24 свечкі: 20 — невялікіх чырвонага колеру, 4 — белыя і вялікія. Раніцаю ён разам з дзецьмі запальваў па адной маленькай свечцы, а ў нядзелю — адну вялікую. Такім чынам ён разам з дзецьмі сачыў за часам, за набліжэннем святаў. Адвэнтавы вянок стаў не толькі ўпрыгожваннем, але і карыснаю прыладаю.

Традыцыйна вянок робіцца на пачатак Адвэнту, у ім змяшчаюцца 4 свечкі, якія сімвалізуюць чатыры тыдні перадкаляднага посту. Але, магчыма, не ва ўсіх сем’ях робіцца адвэнтавы вянок. Нехта будзе чакаць свята Божага Нараджэння, каб паставіць ялінку, упрыгожыць яе цацкамі і мішурою, нехта зробіць або дастане са скрынкі яселькі з маленькім Езусам. Гэтая ўся падрыхтоўка важная! Часопіс «Ave Maria» прапануе чытачам зрабіць вянок на святочны стол або на ўваходныя дзверы, або на акно. Не бяда, што Адвэнт ужо заканчваецца. Святочны вянок заўсёды можна скарыстаць, каб, напрыклад, нагадаць гасцям пра радаснае чаканне Збаўцы, паставіўшы ў цэнтр вянка адну свечку, якая будзе сімвалізаваць народжанага Езуса Хрыста.

Прапануем некалькі варыянтаў святочных вянкоў. Вы павінны ведаць, што для ўпрыгожвання вянка можна выкарыстоўваць усё прыгожае, што вы маеце. Вянок можа быць і драўляным, і жалезным, і папяровым.

1. «Зялёны вянок».

Гэты вянок робіцца ў тыповай каляднай каларыстыцы: зялёныя яловыя або сасновыя галінкі, чырвоныя шары і стужкі, сапраўдныя шышкі, пафарбаваныя ў белы колер, або штучныя елачныя ўпрыгожванні белага колеру, свечкі. На круглую вялікую талерку па крузе выкладзіце галінкі (іх можна чым-небудзь звязаць). Галінкі ўпрыгожце чырвонаю стужкаю, елачнымі шарыкамі, шышкамі, галінкамі рабіны, каліны, цукеркамі ў прыгожай абгортцы. У коле на пэўнай адлегласці ўстаўце свечкі.

Калі моцна звязаць галінкі, упрыгожыць стужкаю і елачнымі шарыкамі, то такі вянок можна павесіць на дзверы або акно.

2. «Скрынка».

Святочную дэкарацыю зрабіце ў вузкай скрынцы ад абутку ці якой-небудзь іншай, папярэдне абклеіўшы яе бярозаваю карою. Калі не знойдзеце кары, замяніце яе дэкаратыўнаю папераю, падобнаю на кару. Скрынку запоўніце мохам або зялёнымі матузкамі з тканіны. Упрыгожце шышкамі або елачнымі цацкамі ў выглядзе шышак. У сэрэдзіну на роўнай адлегласці адна ад адной пастаўце 4 вялікія свечкі.


3. «З лесу».

Пруцяны або плецены кошык прыгожа задэкаруйце. У якасці дэкаратыўных элементаў могуць быць: кара, мох, шышкі, драўляныя зорачкі, матузкі футры і тканіны. Дэкаруйце так, як падказвае ваш густ. У сярэдзіну пастаўце 4 вялікія белыя або чырвоныя свечкі.


4. «У шкле».

У кілішкі, пастаўленыя на шляную падстаўку для торта або вялікую шкляную талерку, устаўце каляровыя папяровыя кішэнькі для свечак. Гэта практычна, бо растопленая свечка не будзе іх пэцкаць. У падстаўку накідайце чырвоных ягадаў, напрыклад, шыпшыны, елачныя галінкі, маленькія срэбныя шарыкі і інш.


5. «Ільняны ручнік».

На плоскую вазу для фруктаў пакладзіце вечназялёныя галінкі дэкаратыўнага самшыта ці аспарагуса, перавяжыце маленькім ільняным кухонным ручніком. Для ўпрыгожвання выкарыстайце баваўняныя шнурочкі, выпечаныя зорачкі або елачныя шарыкі.

6. Іншая форма.

Вазьміце 20 невялікіх дубчыкаў любога дрэва, пафарбуйце іх у белы колер. Звяжыце па пяць дубчыкаў. Складзіце з іх прамавугольнік. У сярэдзіну падвесце на чырвоных стужках 4 невялікія чырвоныя елачныя шарыкі. Атрымаецца вельмі прыгожае ўпрыгожванне на дзверы або сцяну.

7. «Вянок з тканіны».

Вазьміце леску, прадзеньце яе ў іголку з вялікім вушкам для таго, каб сабраць у гармошку палоску зялёнай тканіны або стужкі. Атрымаецца вянок з хвалістымі краямі. Злучыце паміж сабою два канцы лескі, каб атрымаўся круг. Аснова гатовая, можаце дэкараваць яе елачнымі цацкамі, шарыкамі, банцікамі.

8. «Металічны».

Латок з ацынкаванай сталі з дэкаратыўным краем запоўніце елачнымі шарамі і мішурой. Сярод іх пастаўце прамыя свечкі.

Падрыхтавалі Іна Бігель, Эльвіра Палінеўская.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла