Святыя Дзверы

Нягледзячы на тое, што Святы Год упершыню святкаваўся ў 1300 годзе, першы раз Святыя Дзверы былі адчыненыя толькі ў 1423 годзе ў базыліцы св. Яна на Латэране.

Юбілейную традыцыю распачаў папа Баніфацый VІІІ, абвяшчаючы 22 лютага 1300 г. Святы Год, падчас якога можна было атрымаць поўны адпуст. У рымскія базылікі св. Пятра і св. Паўла за мурамі тады прыбыло 300 тысячаў пілігрымаў. Папа хацеў, каб Юбілейны Год святкаваўся праз кожныя 100 гадоў, але паступова гэты перыяд зменшыўся да 50-ці (як у Старым Запавеце) і 33-х гадоў (узрост Хрыста), з 1475 г. яго пачалі абвяшчаць праз 25 гадоў, каб кожнае пакаленне адзін раз магло перажыць юбілей.

Юбілейны Год не адбыўся толькі ў 1800 годзе, калі пасля смерці папы Пія VI у французскай няволі ў жніўні 1799 года новы папа Пій VIІ быў абраны ў сакавіку 1800 года, а ў Рым змог прыехаць у ліпені.

У ХХ ст. да звычайных Святых Гадоў дадаліся яшчэ Надзвычайныя Юбілеі: 1933 і 1983 гады, абвешчаныя з нагоды 1900 і 1950 гадавіны збаўлення. Чарговы Надзвычайны Юбілей — Святы Год Міласэрнасці — распачаўся 8 снежня 2015 года і закончыцца 20 лістапада 2016 года. Святы Год да гэтага часу адзначаўся 28 разоў (апошні ў 2000 г.). Юбілей Міласэрнасці будзе 29-м па ліку ў гісторыі Касцёла.

Аднак пачатак юбілею не быў звязаны з адкрыццём Святых Дзвярэй — сімвалам пераходу ад граху да Божай ласкі, згодна са словамі Езуса: «Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены» (Ян 10, 9).

Першы Папа, які ў 1423 г. адчыніў Святыя Дзверы у базыліцы св. Яна на Латэране, быў Марцін V. У 1499 г. Святыя Дзверы ўпершыню былі адчыненыя ў базыліках св. Пятра, Санта-Марыя Маджорэ і св. Паўла за мурамі.

Святыя Дзверы ў базыліцы св. Пятра з’яўляюцца творам скульптара Віка Кансорці (1902–1979), які выйграў конкурс, абвешчаны перад Святым 1950 Годам. Ахвярадаўцам стаў ардынарый Базыля і Лугана, біскуп Франц фон Стрэнг, які разам з вернікамі хацеў падзякаваць Богу за захаванне Швейцарыі ад жахаў вайны. Праз 11 месяцаў дзверы былі адчыненыя ў Вігілію Божага Нараджэння 1949 г.

Падрыхтавала Іна Бігель.
Паводле: http://liturgia.wiara.pl.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла