«Да пабачэння, Беларусь!»

У гэтыя дні Адвэнту завяршылася чатырохгадовае служэнне арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ў Беларусі. За гэты час ён стаў сапраўды блізкім усім нам, настолькі глыбока ён імкнуўся зразумець беларускіх вернікаў у кантэксце нашай гісторыі і культуры. Нездарма ў развітальнай прамове Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў арцыбіскупа Клаўдыё «народным нунцыем». Ён паспеў пабываць, хіба, ва ўсіх кутках нашай Радзімы, і не стамляўся захапляцца прыгажосцю нашага краю і выказваць захапленне нашым народам. Падчас развітальнай святой Імшы, якая адбылася ў архікатэдральным касцёле імя НПМ у Мінску, ён засведчыў, што з вялікім болем у сэрцы пакідае Беларусь. На гэтую развітальную Імшу сабралася мноства вернікаў, святары і кансэкраваныя асобы, амаль усе біскупы, прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай і Беларускай Праваслаўнай Цэркваў.

У сваіх казаннях арцыбіскуп Клаўдыё часта заклікаў беларусаў да пошукаў свабоды, і падобныя словы прагучалі таксама і ў яго апошняй прамове да вернікаў: «Сапраўдная свабода пачынаецца ў сэрцы, і я быў сведкам вашага пошуку ўнутранай свабоды. Свабода знешняя — знак праяўлення свабоды ўнутранай. І мы шукаем паўсюднай свабоды чалавека на зямлі. Аднак, калі мы змагаемся толькі за сваю ўласную свабоду, то мы змагаемся за ўласны эгаізм.
Мы ўсе з’яўляемся слугамі на дарозе да свабоды, найперш свабоды ў адносінах з Богам. Мы слугі Божай свабоды. Свабоды Бога, які любіць свой народ і за яго памірае на крыжы. Гэта свабода ад ідалаў і маніпуляцый, незалежна ад таго, адкуль яны паходзяць. Свабода будаваць, а не свабода разбураць.

Гэта свабода для ўсяго майго народа, а не толькі для мяне, не купленая за грошы і моцай улады. Гэта свабода быць слугой свайго народа. Шукайце яе, маліцеся аб свабодзе для свайго народа».

Арцыбіскуп Клаўдыё паказаў увесь свой клопат пра нас у сваё апошняе настаўленне для беларускіх вернікаў: «Прашу аб адным: <…> не чакайце, каб сказаць, што вы любіце, гэта не слабасць — любіць іншага чалавека. Дазвольце любові свабодна хадзіць па вашых вуліцах».

Іерарх глыбока шанаваў культуру Беларусі і імкнуўся пазнаваць яе. У першую чаргу гэта датычыла яго жадання пазнаёміцца з беларускаю моваю, каб разумець яе і магчы гаварыць на ёй. Падчас развітальнай святой Імшы ён працытаваў радкі з верша Рыгора Барадуліна «Даць вырасці…» са зборніка «Ксты», якія, на яго думку, павінны быць натхненнем для беларускіх вернікаў:
               «Нялёгкая праца,
               Нялёгкаадольная праца —
               Страх у сабе знябыць.
               Бога не трэба баяцца —
               Бога трэба любіць».

На развітанне арцыбіскупу Клаўдыё падаравалі карціну з выяваю аднога з найбольш значных сімвалаў нашай веры: Нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. На наступны дзень, 13 снежня, іерарх наведаў Будслаў, каб перад ад’ездам правесці час у малітве перад цудоўным абразом Апякункі Беларусі.

15 снежня арцыбіскуп Клаўдыё пакінуў Беларусь, каб распачаць місію ва Украіне. Пры развітанні ён горача папрасіў вернікаў маліцца за яго ў гэтым няпростым служэнні. Абяцаем яму нашую заўсёдную ўдзячную малітоўную падтрымку і памяць.

Юлія Шэдзько.
Фота Міколы Новікава.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла