«Данесці да людзей сапраўднае…»

14 снежня адбылася значная падзея для беларускай музычнай і духоўнай культуры. У праграме перадкаляднага канцэрта «Нябеснае нараджэнне» ў выкананні саліста Льва Казакевіча, навучэнца гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, і студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзякі прагучала прэм’ера «Месы до-мажор для хору a'cappella і саліста-дысканта» аўтарства маладога беларускага кампазітара Андрэя Саўрыцкага. 

Кампазітар Андрэй Саўрыцкі — выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дырыжор Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі. Жыве і працуе ў Мінску. Яго творы ў выкананні беларускіх хораў гучаць на музычных фестывалях ва ўсім свеце, нязменна захапляючы слухачоў. Асабліва варта адзначыць зборнік беларускіх песняў у яго апрацоўцы «Туман ярам», запісаны камерным хорам Salutaris. У 2014 годзе Андрэй Саўрыцкі стаў лаўрэатам Нацыянальнай музычнай прэміі як лепшы аранжыроўшчык за працу над песняй Тэа «Cheesecake», што прагучала на конкурсе «Еўрабачанне — 2014».  

Мы наведалі прэм’ерны канцэрт і пасля яго паразмаўлялі з кампазітарам Андрэем Саўрыцкім. 

 Download (6Мб)

— Спадар Андрэй, вельмі прыемна было сёння прысутнічаць  на прэм’еры Вашага новага твора — месы. Раскажыце, калі ласка, чаму Вы стварылі менавіта месу?

— Дзякуй за віншаванні. Ведаеце, я сам задаваў сабе пытанне: чаму меса? Гэта каталіцкая служба, каталіцкая духоўная музыка, а я сам чалавек праваслаўны. Усе пытаюцца ў мяне, чаму я раптам напісаў месу, а я не магу адказаць. Гэта было ўнутранае жаданне, якое я нічым не мог спыніць: «Я хачу напісаць месу, я буду шмат пра гэта думаць і працаваць над ёю». І вось я яе напісаў.  

— Гэта было як натхненне звыш?

— Думаю, менавіта так. 

— А што, магчыма, паслужыла Вам натхненнем са скарбніцы сусветнай сакральнай музыкі?

— Я вельмі шмат вучыўся: і дванаццаць гадоў у ліцэі, і ў кансерваторыі, і пасля яе. Паводле праграмы мы мусілі вывучаць класічныя месы Моцарта, рамантычныя месы Шумана. Цяпер наогул пішуцца джазавыя месы, ёсць нават «металічная» меса для электрагітараў. Вывучаючы, граючы, дырыжыруючы месамі, мне захацелася зрабіць нешта сваё. Я ведаю, што ў Беларусі ёсць меса Аляксандра Літвіноўскага для мужчынскага хору, меса Алега Гембіцкага, таксама для мужчынскага хору, наогул джазавая. Калі ў мяне ёсць нейкія невялікія элементы гэтага стылю, гармоніі, рытмы, то там цалкам джазавы твор. І вось цяпер у нашай скарбніцы беларускай музыкі з’яыілася яшчэ адна меса, якая, спадзяюся, будзе і далей жыць і выконвацца, і падабацца слухачам.  

— Якіх бы Вы назвалі ўлюбёных сваіх кампазітараў у духоўнай музыцы?

— Перш за ўсё для мяне важны Сяргей Васільевіч Рахманінаў. Гэта мой арыенцір і ў харавой духоўнай музыцы, і ў інструментальнай. Варта ўзгадаць яго шэдэўральныя канцэрты для фартэпіяна. Гэта мая любоў на ўсё жыццё. Яшчэ гэта, вядома, Георгій Свірыдаў, бліжэйшы да нас па часе. Люблю яго харавую музыку. Яшчэ амерыканец Эрык Уайтакр — вядомы ва ўсім свеце харавы кампазітар. Яшчэ я вельмі люблю харавую музыку латышскага кампазітара Эрыкса Эшэнвальдса.  

— А што Вы імкнуліся ўкласці ў свой твор?

— Гэта складанае пытанне. Я хацеў данесці да людзей нешта сапраўднае, сапраўднае разуменне малітвы. Калі вы чулі, у Credo гэта тая яго цэнтральная частка, дзе спяваецца пра ўкрыжаванне, пра мукі Хрыста на крыжы і Яго ўваскрасенне. Я хацеў, каб менавіта Credo стала гэтым эмацыйным пікам, кульмінацыяй у месе.

 Download (10Мб)

А па яе «краях» Вы чуеце цудоўны анёльскі голас хлопчыка-саліста.

 Download (4Мб)
 

— Так, голас сапраўды анёльскі! І апошняе пытанне: ці ўяўляеце Вы, што Вашая меса магла б выконвацца падчас літургіі? Ці хацелася б Вам гэтага?

— Я, напэўна, быў бы рад, калі гэта магчыма, бо не кожная музыка можа прагучаць на службе... 

   

— А Вашая меса, як Вы лічыце?

— Калі будзе такі добры хор у вашай парафіі, то чаму б і не? Калі гэта не зацягне саму службу і не адцягне ад малітвы парафіянаў. 

— Дзякуй вялікі за гэтае маленькае інтэрв’ю і за ўвагу!

Размаўляла Юлія Шэдзько.
Фота Вольгі Янум.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла