Радасная таямніца

Чацвёртая нядзеля Адвэнту, год С (20.12.2015)

«Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: “Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам”» (Лк 1, 39–45).

Радасная таямніца

Цудоўна, што над Евангеллем, якое мы чуем ў нядзелю, можна разважаць ў радасных таямніцах Ружанца. Адведзіны святой Альжбеты — момант, калі можна, нічога не кажучы, сузіраць сустрэчу двух жанчын, адна з якіх носіць ва ўлонні Збаўцу, другая — Яго прадвесніка. Праз гэтых жанчын Жаніх і сябра Жаніха сустракаюцца яшчэ перад нараджэннем. Прысутнасць Духа Святога падкрэслівае важнасць здарэння. Чаму так атрымалася, што маці двух такіх важных асобаў сустрэліся? Таямніца. Але Божыя таямніцы не для таго, каб ад іх адступацца, а для таго, каб прывабліваць нас, каб адрываць нас ад паўсядзённасці і скіроўваць наш позірк ў неба, а нашае сэрца — да Бога.

Ці перапаўняе і нас гэтая радасць святой Альжбеты? Радасць ад таго, што доўгачаканы Збавіцель прыходзіць такім простым і тым больш цудоўным спосабам. Марыя, поўная ласкі, можа дапамагчы нам зрабіць першыя крокі ў зразуменні таго, што адбылося. Няхай гэты Адвэнт і Божае Нараджэнне будзе для нас ўсіх пачаткам пранікнення ў таямніцу, пачаткам жыцця з «Богам, які з намі».

Айцец Павел Мажэйка OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла