Апека і павага

Нядзеля ў актаве Нараджэння Пана. Свята Святой Сям'і: Езуса, Марыі і Юзафа, год С (27.12.2015)

«Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны ўзышлі ў Ерузaлем пaвoдле звычaю святa. Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, зaстaўся хлопец Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo. I пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. А ўсе, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягo. I, убaчыўшы Яго, яны здзiвiліся, i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: “Дзіця, чаму Ты зрaбiў нaм тaк? Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі, шукaючы Цябе”. Ён скaзaў iм: “Чaгo ж вы шукaлі Мяне? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?” Aле яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм. І ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей» (Лк 2, 41–52).


Апека і павага

Як сталася магчымым, што ў Святой Сям’і дзіця засталося без нагляду і згубілася? Такое пытанне можна ўзнікнуць не толькі ў перадузятых чытачоў Святога Пісання, калі прачытаць фрагмент Евангелля паводле святога Лукі пра адшуканне дванаццацігадовага Езуса ў святыні. Аднак апісаная там сітуацыя стане больш зразумелай, калі памятаць пра тое, што ў габрэяў святочныя пілігрымкі ў Ерузалем былі абавязковымі толькі для асобаў мужчынскага полу, якія дасягнулі ўзросту рэлігійнага паўналецця — дванаццаці гадоў. Жанчыны і дзеці маладзейшага ўзросту, якія не мелі такога абавязку, удзельнічалі ў гэтых пілігрымках, калі ім дазвалялі абавязкі і фізічныя сілы. А паколькі сілаў было менш, чым у мужчын, то і падарожнічалі яны больш павольна, сустракаючыся толькі на начлезе, які рыхтавалі больш шпаркія спадарожнікі.

Святая Сям’я была і застаецца ўзорам сапраўднай пабожнасці, адной з праяваў якой з’яўляецца шчырая вернасць рэлігійным традыцыям. Таму для Езуса гэта была не першая пілігрымка. Марыя, паколькі не мела больш дзяцей, магла падарожнічаць разам са сваім Абраннікам і разам з Сынам ад моманту, калі той быў у стане хадзіць самастойна. Аднак на гэты раз, калі для Езуса пілігрымка ўжо ператварылася ў рэлігійны абавязак, для Яе было зразумела, што паўналетні Сын не павінен трымацца за матчыну спадніцу і, хутчэй за ўсё, ідзе ўжо з мужчынамі. Юзаф жа, які прызвычаіўся, што дагэтуль Езус падарожнічаў з Маці, не здзівіўся Яго адсутнасці побач з сабою (магчыма, ён меркаваў, што Езусу цікавей вяртацца дамоў з равеснікамі).

Такім чынам, нельга вінаваціць Святую Сям’ю ў нядбайнасці, недобрасумленнасці ці абыякавасці адно да аднаго. Шанаванне самастойнасці дзіцяці якраз і ёсць адной з адзнакаў добрых адносінаў у сям’і. Для Езуса ж было натуральным пачаць сваё рэлігійнае паўналецце, застаўшыся даўжэй у Доме Нябеснага Айца, Які паслаў Яго ў гэты свет для выкананя асаблівай Місіі, каб прывесці ўсіх да Нябеснага Дому. Аднак яе ўзнёсласць зусім не пярэчыць абавязкам штодзённага жыцця, якраз наадварот, іх добрасумленнае выкананне з’яўляецца ўмоваю таго, што вернаму ў малым Бог даверыць вялікія рэчы (пар. Мц 25, 21).

І гэтаму вучыць Святая Сям’я: бацькоў, захоўваючы дух веры, — вучыць клапаціцца пра тых, каго Бог даручыў іх апецы і з павагаю ставіцца да жыццёвага выбару сваіх дзяцей (калі толькі ён не супярэчыць Божым запаведзям), а дзяцей — вучыць шанаваць бацькоў і апекуноў, нават тады, калі яны не ўсё разумеюць, і не саромецца пераймаць веды і досвед старэйшых пакаленняў, якія дапамагаюць пазбегнуць многіх памылак і мацней адчуць сувязь паміж усімі пакаленнямі вялікай Божай сям’і — Касцёла.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла