Праз далучанасць да культуры

Католікі Віцебшчыны ўжо шмат год запар становяцца ўдзельнікамі і сведкамі Дзён хрысціянскай культуры, якія ладзяцца ў дыяцэзіі ў перыяд перажывання свята Божага Нараджэння. Спатканні,  выступленні прафесійных і самадзейных музычных і тэатральных калектываў, спеўных гуртоў, канферэнцыі, конкурсы — усё гэта звыклыя імпрэзы, што дэманструюць  творчыя набыткі жыхароў Прыдзвіння, а разам з тым сведчаць пра далучанасць да іх вернікаў рэгіёна.

Сёлета па ініцыятыве куратараў дыяцэзіяльных Дзён хрысціянскай культуры ксяндза Адама Дынака і доктара абласной клінічнай бальніцы Людмілы Ярмолавай да традыцыйных мерапрыемстваў дадалося яшчэ адно — Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Тэматыка Божага Нараджэння ў мастацкай культуры».

У канферэнцыі, якая праводзілася на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, узялі ўдзел маладыя і сталыя навукоўцы з Беларусі, Украіны і Польшчы. З уступным словам звярнуўся да прысутных ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён адзначыў ролю свята Божага Нараджэння, аднаго з найвялікшых хрысціянскіх святаў, у гісторыі развіцця чалавецтва, а таксама засяродзіў увагу аўдыторыі на факце правядзення канферэнцыі як аднаго са спосабаў адказу рэлігійнай супольнасці на выклікі часу.

Ксёндз Адам Дынак, дзякуючы намаганням якога канферэнцыя сталася такім фактам, распавёў пра значэнне свята Божага Нараджэння ў кантэксце сукупнасці гістарычнага, тэалагічнага і літаратурнага аспектаў у евангелічных апавяданнях пра нараджэнне Езуса Хрыста.

Змястоўнымі, скіраванымі на абуджэнне думкі слухача, яго ўнутраных духоўных магчымасцяў, сталіся падчас канферэнцыі развагі маладых навукоўцаў: студэнта факультэта славянскіх і германскіх моваў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Багуслава Сіпайлы на тэму «Дары вешчуноў» О. Генры ў традыцыі каляднага апавядання» (навуковы кіраўнік Юлія Казіцкая); магістранткі ВДУ імя П.М. Машэрава Валянціны Аўсянікавай на тэму «Сучасная фатаграфія і свята Божага Нараджэння» (кіраўнік Міхась Цыбульскі); магістранткі Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Яўгеніі Аляксеенкі на тэму «Роля ордэну езуітаў у культурным і асветніцкім жыцці Віцебска XVII–XIX стст».

З тэалагічнымі высновамі даклада «Што могуць Мукі Хрыстовы распавесці пра Божае Нараджэнне?» аспіранткі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II Алены Грыгор’евай  удзельнікі канферэнцыі маюць магчымасць азнаёміцца, пагартаўшы выдадзеную да гэтай падзеі брашуру з праграмаю і зместам дакладаў і тэзісаў дакладаў.

Вёў канферэнцыю вядомы ў Віцебску і Беларусі кандыдат мастацтвазнаўца, дацэнт ВДУ імя П. М. Машэрава Міхась Цыбульскі. Удзел у ёй узяў, выступіўшы з прывітальным словам да прысутных, загадчык аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка. Арганізатары мяркуюць  праводзіць падобнае мерапрыемства ў рамках Дзён хрысціянскай культуры штогод.

Францішак Дубраўскі.
Фота Барбары Сіпайла.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла