«Слова сталася целам»

Другая нядзеля пасля Нараджэння Пана, год C (3.01.2016)

«На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова.
Яно было ў Бога спрадвеку.
Усё праз Яго сталася,
і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
У Ім было жыццё,
і жыццё было святлом людзей.
А святло свеціць у цемры,
і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога;
імя ягонае было Ян.
Ён прыйшоў дзеля сведчання,
каб засведчыць пра Святло,
каб усе паверылі праз яго.
Не быў ён святлом, але быў пасланы,
каб сведчыць пра Святло.
Было Святло праўдзівае,
якое асвятляе кожнага чалавека,
які прыходзіць на свет.
У свеце было,
і свет праз Яго стаўся,
і свет не пазнаў Яго.
Прыйшло да свайго,
і свае Яго не прынялі.
А тым, хто прыняў Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,
тым, хто верыць у імя Ягонае,
хто ні ад крыві,
ні ад жадання цела,
ні ад жадання мужа,
але ад Бога нарадзіўся.
Слова сталася целам
і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную,
славу, якую мае ад Айца Адзінародны,
поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў» (Ян 1, 1–18).


«Слова сталася целам»

Што такое Слова?

Па-першае, Слова азначае стваральную моц Бога, Яго дзеянне. Гэтак яно акрэсліваецца на першых старонках Святога Пісання. Бог сказаў, і сталася. Бог сказаў, і з’явілася святло. Бог сказаў, і зямля нарадзіла расліны. Бог сказаў, і воды напоўніліся рыбамі. Бог сказаў і стварыў чалавека. Слова Божае стварае, яго дзеянне — гэта жыццё.

Па-другое, Слова ў Бога азначае Яго мову. Бог прамаўляў да патрыярхаў, прамаўляў праз прарокаў і натхнёных мужоў. Гэтыя Божыя словы былі запісаныя, і мы называем іх Святым Пісаннем. Гэтыя словы карысныя для навучання і вострыя, як двусечны меч, які пранікае нас наскрозь. Гэтыя словы — паходня для нашых ног. Гэтую мову, Божыя словы, мы штодня чуем падчас Эўхарыстыі.
Мы любім іх і верым у іх, бо ў іх прысутны Бог.

Гледзячы на Слова, якое ляжыць у яслях, мы бачым, што Яно — гэта і ёсць Жыццё, а ўсё жывое жыве толькі таму, што атрымала жыццё ад Яго. Ён у нашым цяпер з’яўляецца крыніцаю жыцця для ўсіх рэчаў, усіх жывых істотаў, у тым ліку і для чалавека. Бог не толькі некалі даўно сказаў і сталася тое, што Ён пажадаў. Сёння ўсё з’яўляецца таму, што Ён прамаўляе, Ён стварае, Ён падтрымлівае існаванне.

Слова стала Жыццём, стала Целам, стала Чалавекам, жыло сярод нас каля 33 гадоў, і гэта азначае, што не толькі кожнае слова, сказанае Ім, з’яўляецца для нас дарам, але і кожны Яго ўчынак, кожная Яго пастава з’яўляецца Словам, скіраваным да нас, якое нас вучыць і за якім мы павінны ісці.

Будзем жа дзякаваць за гэтае Слова, найвялікшы дар любові Айца да нас.

Будзем жа дзякаваць за веру, якая дае нам зразумець, што ўвесь свет прыгожы, гэты макра і мікракосмас з’яўляецца пастаянным дарам Яго любові да нас.

Будзем жа дзякаваць, бо ў мінулым годзе гэтае Слова дало нам жыць, падтрымлівала ў нас існаванне, вяло нас па складаных сцяжынах нашага жыцця.

Колькі разоў мы дыхалі, каб падтрымаць у сабе жыццё, але ж гэта Бог стварыў паветра і нашыя лёгкія!
Колькі вады і ежы: дароў зямлі і працы чалавечых рук, якія падаў нам сваёю рукою Бог, мы атрымалі ў гэты год?

Колькі чалавечай дабрыні ў гэтым годзе мы ўбачылі, таму што Бог паставіў мудрых і добрых людзей на дарозе нашага жыцця, зрабіў іх блізкімі нам?

Колькі дабра мы мы змаглі зрабіць сваімі рукамі, словам, малітваю таму, што Бог быў з намі?

Колькім людзям мы прабачылі крыўду і несправядлівасць, колькі разоў Бог прабачыў нам нашыя памылкі і слабасці?

Колькі добрых намераў нам дадзена было рэалізаваць, колькі праектаў, вандровак і сустрэчаў?

Колькі разоў Бог пачуў нашым малітвы, калі мы або нашыя блізкія не маглі даць сабе рады і ўпалі духам?

Колькі разоў Пан узмацняў нас Эўхарыстыяй і сакрамэнтамі? Колькім навяртанням мы былі сведкамі? Колькі ўзрушэння, падзякі, праслаўлення для Яго, на Яго хвалу гарыць у маім сэрцы, калі я думаю пра бясконцае дабро, якім напаўняе нас Бог-Слова? Няхай час Новага Году пашырыць нашыя сэрцы так, каб з усіх сіл мы праслаўлялі Таго, хто Ёсць!

Айцец Раман Шульц OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла