«Бог з намі»

Свята Хросту Пана, год C (10.01.2016)

«Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: “Я вадою хрышчу вас, але ідзе Мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём”.

Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”» (Лк 3, 15–16. 21–22).


«Бог з намі»

У першай кнізе Валадарстваў (1 Вал 19) ёсць такая сцэна. Прарок Ілля пайшоў да Божай гары Горэб, каб сустрэцца з Панам Богам, і стаў чакаць Божага прыйсця. Перад Богам прайшла моцная віхура, якая крышыла скалы, але ў ёй не было Пана. Пасля быў землятрус і вялікі агонь, але ў іх таксама не было Пана. Урэшце Ілля пачуў шум ціхага ветру і тады прыкрыў твар плашчом, ведаючы, што гэта ідзе Бог. Трэба быць прарокам і сапраўды глядзець на свет у святле Божым, каб не пераблытаць Божую прысутнасць з касмічнымі феерверкамі.

Гэтая сцэна прыгадалася мне, калі я чытаў сённяшняе Евангелле. Людзі напружана чакалі і разважалі пра Яна, ці не ён — Месія. У агульным разуменні Месія павінен быць незвычайным чалавекам. Ён павінен быць вялікім правадыром народа. Ян, праўда, не быў ваеначальнікам або палітыкам, але яго дзейнасць на пустыні была відовішчнаю. Гэтая эксцэнтрычная асоба сапраўды была аўтарытэтам для народа, не толькі для простых людзей, але нават для караля, які з ахвотаю прыслухоўваўся да яго. Ці мог бы Ян быць тым, праз каго Ягвэ збавіў свой народ?

У гэтым напружанні сярод натоўпу, побач з незвычайнай асобай Яна ў гэтай сцэне з’яўляецца Езус як незаўважны подых ціхага ветру. Ён прымае хрост разам з народам, а пасля падчас малітвы ў сціплым выглядзе голуба на Яго сыходзіць Дух Святы. Гэта не стварае ўражання… Але так дзейнічае Бог, які пажадаў быць «Богам з намі». Ён не жадае нас уразіць або ашаламіць, не жадае стварыць у нас пачуццё незвычайнага. Ён жадае даць нам жыццё.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла