100 гадоў з дня нараджэння ксяндза Уладзіслава Чарняўскага — падзвіжніка беларушчыны

Неяк у рэдакцыю нашага часопіса завітала Тэрэза Бітэль з вёскі Вішнева Валожынскага раёна, якая распавяла пра адкрыццё ў Вішневе музея, прысвечанага славутаму святару Уладзіславу Чарняўскаму, прынесла фотаздымкі ксяндза Уладзіслава і нядаўна знойдзеныя яго рукапісы. Прапануем нашым чытачам некалькі вытрымак з рукапісаў ксяндза Уладзіслава.



***

У зацішку Бог прамаўляе да душы. Трэба, каб яна была ўслуханая ў голас Божы, вольная ад штодзённых турботаў.

***

Трэба знайсці час, месца супакою, вызваліцца ад жыццёвых клопатаў, звярнуцца да Бога, сумлення, успомніць мэту свайго жыцця, учынкі, дарогу, куды яна нас вядзе, — да Бога ці ад Бога.

***

Бог [Езус] перад распачаццем сваёй місіі публічнага навучання не толькі што блізу трыццаць гадоў жыў у схаванні, але яшчэ сорак дзён пасціў і пакутаваў у пустыні, рыхтаваўся да нашага збаўлення, а нам тым больш трэба падрыхтавацца да збаўлення сваёй душы. Падобна рыхтаваўся Ян Хрысціцель, манахі, пустэльнікі. [Яны] аддаляліся ад людзей і ў адлюдных месцах (пустынях) рыхтаваліся да збаўлення, да вечнасці.

***

Бог у сваім міласэрдзі заахвочвае і панукае людзей, асабліва грэшнікаў, узяцца за пакуту, абдумацца, кінуць сваё ліхое жыццё, паступкі і пачуць голас Божы, голас свайго сумлення, а для гэта трэба супакой, аддаленне ад людзей, бязлюднасць, каб застацца сам-насам з Богам, усё перадумаць, шчыра заглянуць у сваё сумленне, у сваё жыццё.

***

Узнікае патрэба адвярнуцца, аддаліцца ад людзей і іх клопатаў, а гэта нялёгка, каб заняцца самім сабою, найважнейшымі справамі свайго жыцця, сваёй душы.

 


Данута Бічэль
У Вішневе

Без змагання не выйграем бітву.
Кінем веру дзядоў на алтар.
Паслухмяна ўтварае малітву
Беларускі самотны святар.

Дзірванеюць герояў магілы.
Засяваецца кожны курган,
але плён з іх духоўнае сілы
не ўзмацніў — кожны сам сабе пан.

Хутка слухацца нас перастане —
упускаем, губляем свой час.
Ды святар беларускі за нас
адмаўляе ў самоце літанне.

Зоркі псальмы пяюць на дасвецці —
святаровыя вучні адны.
Але ранкам народзяцца дзеці
і зазвоняць надзеі званы.

На краёчку Радзімы, як лішні,
сочыць цем, што сыходзіць на спад.
Зацвітаюць асеннія вішні.
На вачах асвятляецца сад.

Ужо смяротны прысуд напісаны.
Ужо збірацца знікаць нам пара.
Але нітачкай з небам звязаны
Грэшны люд праз свайго святара.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла