Божая міласэрнасць у нашым жыцці

Вядома, што пасля шлюбу жыццё чалавека кардынальна змяняецца, яно напаўняецца як новымі радасцямі, так і зусім нечаканымі  турботамі.  У нейкі момант  я вельмі выразна адчула, што пачынаю губляць  жывую сувязь з Богам, якую вельмі дакладна адчувала раней. Мы былі кожную нядзелю на святой Імшы, прымалі св. Камунію і імкнуліся жыць па-хрысціянску, але ўсе роўна нам не хапала той актыўнай дзейнасці, якая набліжала да Бога ў моладзевых групах.

Аднойчы я вырашыла падзяліцца гэтымі перажаваннямі з Максімам. Ён адказаў, што гэта звязана з узростам і проста я страчваю з часам сваю эмацыйнасць. Памятаю, што ў той момант мяне агарнула моцная туга і нават страх, што з часам я наогул магу страціць адчуванне прысутнасці Бога ў сваім сэрцы. Напэўна, у той момант міласэрны Айцец ласкава глянуў на нашу яшчэ зусім маладую сям’ю  і паставіў на нашым шляху кс. Андрэя Сіповіча , які і запрасіў нас на прэзентацыю руху «Equipes Notre-Dame».

Шчыра кажучы, дагэтуль мы ніколі не чулі пра гэты рух, але нас вельмі зацікавіла, што яго галоўнай мэтай з’яўляецца не толькі паляпшэнне адносінаў паміж сужэнцамі, але найперш — дапамога сем’ям ва ўзрастанні да святасці.

Спадабалася нам і сама форма правядзення сустрэчаў, бо калі ў першую гадзіну сустрэчы мы маглі пагутарыць на агульныя тэмы пры гарбаце, то другая гадзіна была поўнасцю прысвечана глыбокай сумеснай малітве і абмеркаванню сур’езных пытанняў. Таксама нас вельмі кранулі сведчанні сем’яў, якія на той момант ужо былі актыўнымі ўдзельнікамі руху. Зусім хутка гэтыя сем’і сталі нашымі добрымі сябрамі, з якімі мы сёння дзелім усе нашы радасці і турботы.

Крок за крокам, праз сумесную малітву, чытанне слова Божага, удзел у сямейных рэкалекцыях і іншыя практыкі мы пачалі змяняць сваё асабістае жыццё. І сёння, азіраючыся на пражыты мінулы год, мы шчыра можам прызнаць, што самыя лепшыя і незабыўныя моманты тым ці іншым чынам звязаныя з нашаю дзейнасцю ў руху «Equipes Notre-Dame».

Мы дзякуем міласэрнаму Айцу за Яго любоў, якая натхняе нас браць за прыклад жыццё першых хрысціянаў і дапамагаць адно аднаму на шляху да святасці. Хвала Пану!

Аліна і Максім Угорыч

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла