Бог свята і радасці

Другая звычайная нядзеля, год C (17.01.2016)

«У Кане Галілейскай было вяселле і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама і Езус, і вучні Ягоныя. І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: Не маюць віна.

Адказаў Ёй Езус: Жанчына, ці гэта Мая або Твая справа? Яшчэ не прыйшоў час Мой. Маці Яго сказала слугам: Тое, што Ён скажа вам, зрабіце. Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.

Езус сказаў: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі іх даверху. І кажа ім: Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля. І панеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном, — і не ведаў, адкуль яно ўзялося, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — то паклікаў жаніха і кажа яму: Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль.

Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасля гэтага прыйшоў Ён у Кафарнаум, Ён сам і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён» (Ян 2, 1–12).


Бог свята і радасці

Чытанні гэтай нядзелі заклікаюць нас прысутнічаць у поўнай меры там, дзе мы знаходзімся, і змяняць усю спустошанасць у надзею і веру ў Бога. Евангелле апавядае, што разам з Езусам на вяселле у Кану Галілейскую была запрошаная таксама і Марыя. Яна была не толькі глядачкаю, але і ўдзельнічала ў падзеях, якія адбыліся: убачыла, чаго не хапае, і сказала пра гэта. Яе клопат — гэта адбітак клопату пра тых, хто ў нястачы, тых, хто перажывае ўціск, тых адкінутых, хто ўсклікае: «Нам не хапае хлеба! Нам не хапае супакою! Нам няма дзе жыць!»  Марыя давярае і спадзяецца, што Езус можа вырашыць праблемы, якія людзям здаюцца невырашальнымі. А мы? Ці клапоцімся мы пра справы нашых сем’яў, супольнасцяў і свету? Ці ўважлівыя мы да цярпенняў і нязгодаў, якія адбываюцца ў нашым асяродку? Як выяўляем сваю надзею і давер да Бога?

Адказ Езуса запэўнівае Марыю ў тым, што яна павінна быць пасрэдніцаю паміж Ім і намі. Што прымушае нас дапамагаць бліжнім? Ці не адчайваемся мы пры першых перашкодах, ці не адмаўляемся дапамагаць з прычыны няведання?

У Кане Галілейскай па меры сваіх магчымасцяў працавалі таксама слугі, і дзякуючы ім вясельны абрад нечакана стаў крыніцаю радасці і свята. Гэтая перамена адбылася ў зацішшы штодзённасці, сярод незаўважнага.

Усе адчуваюць гэтую цудоўную перамену, нават кіраўнік вяселля, які хваліць гаспадароў. У атмасферы радасці становіцца бачнаю слава Езуса. Прарок Ісая ўсклікаў: «Ужо не скажуць пра цябе: Пакінуты, і зямлю тваю не будуць больш называць пустыняй» (Іс 62, 4). У супольнасці, якая святкуе ззянне Божага Валадарства, выразна бачна, што Бог быў, ёсць і будзе.

с. Міла Дыяс Салана OP
Па матэрыялах часопіса «W drodze»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла