Дык што такое духоўны экуменізм?

Традыцыя Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў пачалася ў 1908 годзе па ініцыятыве святара Епіскапальнай Царквы Пола Ватсана ў Грэйморы (ЗША, штат Нью- Ёрк). Ватсан надаваў важную ролю папству ў справе хрысціянскай еднасці, таму ён абраў за пачатак тыдня 18 студзеня — дзень, на які прыпадае свята Катэдры св. Пятра ў Рыме, а апошні дзень на свята навяртання св. Паўла, апостала — 25 студзеня. Гэта традыцыя паступова расла і ў 1926 годзе была рэкамендавана камісіяй «Faith and Order» Сусветнай рады касцёлаў. Але сваю сучасную форму гэты Тыдзень набыў у 1935 годзе намаганнямі каталіцкага святара з Францыі айца Поля Куцюр'е. У 1964 годзе Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце пра экуменізм заахвоціў католікаў да ўдзелу ў Тыдні малітваў аб еднасці хрысціянаў, і цяпер ён адзначаецца ва ўсім сусветным Касцёле.

Аб чым мы молімся падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў? Чаго мы просім у Пана Бога? І ўвогуле, як мы сабе ўяўляем канкрэтныя шляхі да гэтай еднасці?

Часцей за ўсё мы бачым экуменічную дзейнасць як нешта, чым займаюцца біскупы, багасловы і прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій дзесьці ў Рыме ці Жэневе, ці ў нейкіх іншых далёкіх ад нас месцах. Атрымліваецца, што экуменізм – гэта справа прафесіяналаў, а вернікі ў парафіях за іх толькі моляцца.

Аднак Дэкрэт пра экуменізм Unitatis Redintegratio Другога Ватыканскага Сабору сцвярджае, што пра аднаўленне еднасці «павінен клапаціцца ўвесь Касцёл, як вернікі, так і іх пастыры, і кожны паводле ўласных сілаў, ці то ў штодзённым хрысціянскім жыцці, ці то ў тэалагічных і гістарычных даследаваннях» (UR, 5). Акрамя таго, Дэкрэт падкрэслівае, што «няма сапраўднага экуменізму без унутранай перамены, бо з абнаўлення розуму, з самавырачэння і са шчодрага праліцця любові нараджаецца і сталее жаданне еднасці» (UR, 7). Таму экуменічная дзейнасць не абмяжоўваецца публічнымі і прыватнымі малітвамі, але патрабуе «навяртання сэрца і святасці жыцця», таго, што разам складае «духоўны экуменізм».

Адразу цяжка зразумець, якім чынам існуе сувязь паміж святасцю асабістага жыцця і хрысціянскай еднасцю ў яе канкрэтным сэнсе збліжэння ўсіх канфесій, і дасягнення яе найвышэйшай мэты – еднасці ў святкаванні святой Эўхарыстыі. Гэтую сувязь глыбока адчуў а. Поль Куцюр'е, пачынальнік духоўнага экуменізму і нястомны прапагандыст Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў. Айцец Куцюр'е (1881–1953) нарадзіўся ў французскім горадзе Ліёне, але дзяцінства правёў у Алжыры (1884–1893), краіне, дзе традыцыі і культура хрысціянскай Еўропы існавалі ў пераважна мусульманскім асяроддзі Паўднёвай Афрыкі. У 1906 годзе ён стаў святаром супольнасці св. Ірэнэя, якая займалася місіянерскаю і адукацыйнаю працаю.

Каб заўважыць падзеі, якія вызначаюць лёс чалавека, каб пазнаць, куды нас накіроўвае Дух Святы, трэба спыніцца і прыслухацца. У айца Поля Куцюр'е такі момант  усведамлення свайго экуменічнага паклікання адбыўся падчас рэкалекцый у айцоў езуітаў. Яны накіравалі яго ўладкоўваць жыццё эмігрантаў з Расіі, якія амаль дзесяцітысячнай хваляй прыбылі ў Ліён пасля рэвалюцыі 1917 года. Айцец Куцюр'е клапаціўся пра іх дабрабыт, пачынаючы з ежы і вопраткі, і да пошуку месца адукацыі і працы. Так ён ізноў рэальна сутыкнуўся і адчуў глыбіню і каштоўнасць іншай культуры, мовы і веравызнання. З сяброўскіх кантактаў са святарамі эміграцыі (паміж якіх былі праваслаўныя і ўсходнія католікі) ён пачуў словы Кіеўскага мітрапаліта Платона Гарадзецкага (1803–1891), якія яго глыбока ўразілі і натхнілі на пошук духоўных каранёў хрысціянскай еднасці: «Сцены, якія нас падзяляюць, не дасягаюць да неба».

Рэкалекцыі ў братоў бэнэдыктынаў (якія ў 1924 годзе былі закліканы папам Піем XI прысвяціць сябе пошуку еднасці менавіта паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой) канчаткова ўпэўнілі яго ў тым, што найбольш дасканалы шлях да еднасці – гэта супольная (а не толькі прыватная) малітва. Ён казаў, калі хрысціяне розных канфесій рэгулярна моляцца аб еднасці ў адпаведнасці са сваімі разнастайнымі стылямі і традыцыямі, то іх малітвы падымаюцца вышэй за сцены падзелу і там ствараюць «нябачны кляштар» – духоўную супольнасць, дзе рэалізуецца Божы план узаемнай любові і пакоры на карысць усяму свету.

Айцец Куцюр'е быў вельмі ўражаны малітвай Езуса аб еднасці перад Яго ўкрыжаваннем: «Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб Яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне» (Ян 17, 20–23).

Ён заўважыў, што Хрыстус маліўся не толькі аб еднасці паміж Яго вучнямі, але і аб іх еднасці з Айцом і Сынам. Гэта азначае, што хрысціянская еднасць — гэта, перш за ўсё, еднасць у Хрысце, і яна дасягаецца толькі па меры таго, як расце наша еднасць з Ім праз любоў і пакаянне. Таму справа экуменізму — гэта, перш за ўсё, духоўная справа пакорнай малітвы за еднасць «згодна з Яго воляй, і згодна з Яго сродкамі».

Айцец Куцюр'е глыбока адчуваў моц нашай агульнай малітвы у Хрысце. Ён пісаў, што ўсё стварэнне таямнічым чынам звязана з ўсімі хрысціянамі праз іх еднасць з Панам, якая пачынаецца з хросту. Падзел аслабляе ўсё стварэнне і перешкаджае росту ў ім Божага Валадарства. Калі мы ўсе молімся разам, то наша духоўная моц і Божая ласка не проста складаюцца, а памнажаюцца.

Часцей за ўсё адказ на пытанне аб тым, што ж перашкаджае сапраўднай хрысціянскай еднасці, – гэта адсутнасць згоды ў веравызнанні. Але дасягненне такой згоды не выкліча еднасці ў любові. Наадварот, праз малітву нараджаецца любоў, і толькі праз любоў – паўната веры і згода. А без любові да сваіх братоў у Хрысце, без жадання да еднасці ў сэрцах вернікаў ніякія знешнія пагадненні і структуры не маюць ніякай карысці.

Сутнасць духоўнага экуменізму ў тым, што шлях да еднасці пачынаецца з любові і арыентацыі ўсяго духоўнага жыцця да Бога, а шчырае навяртанне да Бога абавязкова патрабуе намаганняў да хрысціянскай еднасці. Гэта перш за ўсё сумесная малітва – малітва не толькі з католікамі, але і з іншымі хрысціянскімі суседзямі. У нашых сённяшніх складаных умовах росту варожасці і няпэўнанасці ў грамадстве такая прапанова можа гучаць нерэалістычна. Калі кіравацца законамі і звычаямі гэтага свету, то сапраўднае хрысціянскае жыццё заўсёды нерэалістычнае і вельмі нязручнае. Нам самім гэтых законаў і звычак не пераадолець, але за нас гэта ўжо зрабіў Хрыстус: «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).

Таму Касцёл заклікае нас не паддавацца спакусе падзелу і «духу зайздроснага спаборніцтва» (UR, 18), а заўсёды памятаць словы апостала Яна: «Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага» (1 Ян 1, 10) і ў пакорнай малітве «выпрошваць у Духа Святога ласку шчырай адданасці, пакоры і лагоднасці ў служэнні, а таксама дух братняй велікадушнасці да іншых» (UR, 7). І тады ў прызначаны час і ў адпаведнасці з воляй Божай, «нябачны кляштар» еднасці стане бачнай рэльнасцю нашага жыцця ў Хрысце.

Анастасія Вудэн,
магістр тэалогіі, дактарант Каталіцкага ўніверсітэта ў Вашынгтоне.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла