Добрая навіна для ўсіх

Чацвёртая звычайная нядзеля, год С (31.01.2016)

«І Ён пачаў гаварыць ім: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі”. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: “Ці ж не сын Юзафа гэта?” А Ён сказаў ім: “Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”. І сказаў: “Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана”.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў» (Лк 4, 21–30).

Добрая навіна для ўсіх

«І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных» — чытаем мы ў сённяшнім евангельскім урыўку. Аднак гэты ўрывак абмінае нешта вельмі важнае. У папярэднім вершы гаворка ідзе пра тое, як Езус прачытаў урывак з кнігі прарока Ісаі: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана» (Лк 4, 18–19). Гэты тэкст дэманструе, як моцна ізраэльскі народ чакае Месію. Езус кажа: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». Людзі ў захапленні пляскаюць Яму. Але вельмі хутка захапленне перамяняецца ў гнеў. Пачатак дзейнасці Езуса ў Галілеі нібы апярэджвае тое, што адбудзецца пазней у Ерузалеме: спачатку «Гасанна!», а адразу пасля «Укрыжуй!». Чаму так?

Народ Ізраэля чакаў Месію, што прыйдзе як валадар і ўчыніць Ізраэль вялікім і непераможным. Бог вялікі, і мы будзем вялікія з Ім — вось спадзяванні ізраэлітаў. Але Езус пера-крыж-аваў іх уяўленні: Месія — іншы. Бог — іншы. Іншы, бо памірае на крыжы. 

Зайздрасць і эгаізм выклікалі раз’юшанасць у наведнікаў сінагогі ў Назарэце, бо аказалася, што Добрая Навіна аб збаўленні прызначаная не толькі для Ізраэля, а датычыць усіх людзей. 

Можа нам, і Касцёлу, і кожнаму асабіста, таксама пагражае небяспека пераканацца ў тым, што мы лепшыя за іншых, больш заслугоўваем ласкі Пана, Яго прыхільнасці? Бог жа любіць усіх людзей, у тым ліку і «іншых». Нават грэшнікаў. Ці ж я не адзін з іх?

Айцец Марцін Грандынгер OP
Па матэрыялах часопіса «W drodze»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла