Міласэрнасць без ілюзій

па старонках студзеньска-лютаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

У студзеньска-лютаўскім нумары часопіса «Ave Maria» працягваецца асвятленне тэматыкі Юбілейнага Году Міласэрнасці ў Касцёле. Радаснаю навіною для католікаў свету стала з’яўленне кнігі папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць» (кніга-інтэрв’ю з журналістам Андрэа Тарнэллі), якая выйшла з друку 12 студзеня гэтага года і ўжо выдадзеная ў 86-ці краінах свету. Чытачам часопіса прапануюцца ўрыўкі з гэтае кнігі ў перакладзе на беларускую мову.

Многія вернікі яшчэ не да канца ўсведамляюць, якім шляхам яны могуць прыйсці да крыніцы Божай Міласэрнасці. Што такое Брамы Міласэрнасці і дзе яны знаходзяцца? Як атрымаць адпуст у Юбілейны Год? Хто такія місіянеры міласэрнасці і для чаго яны прызначаныя? На гэтыя пытанні адказвае айцец Аркадзь Куляха.

«Хрысціянская дабрыня — любоў без ілюзій» — так называецца артыкул Аляксандра Гелагаева, у якім аўтар разважае пра падзеі, што адбыліся ў навагоднюю ноч у Кёльне, а таксама пра тое, ці можа сапраўдная хрысціянская любоў скіроўвацца на аднаго чалавека за кошт іншых людзей.

На «Старонцы псіхолага» сястра Паўла Бобер прапануе чытачам прайсці тэст на схільнасць да сузалежнасці. Як сцвярджае аўтарка, у пэўнай ступені кожны з нас мае такую схільнасць, і гэта звычайная з’ява, але калі гэтая праблема набывае паталагічную форму, чалавеку неабходна лячэнне.

Чытачоў таксама чакаюць іншыя цікавыя публікацыі ў рубрыках «Год Міласэрнасці», «Вера на штодзень», «Сведчанне», «Па родным краі», а на апошняй старонцы вокладкі — малітвы да святога Валянціна, апекуна закаханых, нарачоных, а таксама хворых.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла