«І выклік, і запрашэнне…»

Нядаўна на нашым сайце (а затым — на сайце Catholic.by) быў змешчаны артыкул Кацярыны Астрынскай пад назваю «Сем прычынаў, па якіх я неахвотна слухаю казанні». На гэтае сведчанне рэдакцыя атрымала шмат водгукаў, адзін з якіх — са згоды аўтара — мы публікуем на нашай старонцы. 

 

Шаноўная пані Крыстына Лялько,

Рэдактар часопіса «Ave Maria»,

Мінск

 

Дарагая пані Крыстына, супакой Вам!

Учора я вярнуўся з доўгага місійнага падарожжа і ўзяўся запаўняць прагалы ў чытанні таго, што датычыцца актуальнага жыцця Касцёла ў Беларусі. Да сваёй вялікай радасці, натрапіў на сведчанне, у якім гаворыцца пра сем прычынаў, з-за якіх аўтарка сведчання неахвотна слухае казанні. Ужо сорак гадоў я займаюся абвяшчэннем казанняў, і не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Італіі, а часам і ў Францыі. Я слухаў іх і пры нагодзе прамаўляў у некалькіх дзясятках краінаў свету, таму па зразумелых прычынах гэтая тэма адразу зацікавіла мяне, правакуючы маю рэакцыю па гарачых слядах. Дзівячыся з інтэлектуальнай праніклівасці і шчырасці аўтаркі, я адзначыў супадзенне названых ёю сямі прычынаў з маімі сямю праблемамі, звязанымі з падрыхтоўкаю і абвяшчэннем казанняў: шмат разоў я прамаўляў казанні да тых, хто не ходзіць у касцёл, звяртаючыся да тых, хто ходзіць. Патрэбна незвычайная тактоўнасць і ўмеласць, каб гаварыць пра праблемы, не забываючы пра людзей, якім гэта гаворыцца. Абуджэнне новай свядомасці мае свае межы, і таму я не здзіўляюся таму, пра што напісала аўтарка. Вельмі лёгка я таксама пускаўся ў мудрагельства і нават палеміку, адыходзячы ад Святога Пісання. Бывала, слаба падрыхтаваўшыся, я гаварыў пра ўсё і ні пра што. Гэта ж адносіцца і да культурных банальнасцяў на тэму адкрыцця на Бога і гэтак далей. Люблю таксама жартаваць сам з сябе аб тым, што я маю не адно, а два казанні на кожную нагоду: пахавальнае і пра Марыю Магдалену. Аднак вельмі сур’ёзнаю і пашыранаю, і прытым шкоднаю з пункту гледжання духоўнасці і ўплыву на псіхіку справаю з’яўляецца будаванне ў казаннях сувязі з Богам і адносінаў з самім сабою і з бліжнімі на пачуцці віны, часта проста хваравітым. І ўрэшце, пытанне мовы. Неабходна дбаць пра узровень культуры маўлення, але яшчэ больш — пра праўдзівасць і шчырасць, якія ў пэўнай ступені могуць нават выратаваць моўныя памылкі, як гэта было ў св. Паўла. Аднак памылковасць поглядаў нішто не ўратуе, нават суперграматная мова.

Я шмат разоў размаўляў на гэтыя тэмы са сваімі бліжнімі, аднак гэтыя размовы заканчваліся нічым. Прамаўленне казанняў і іх слуханне — справа публічная, і таму вымагае таксама публічнай, медыйнай размовы на гэтую тэму. Гэта датычыць таксама абвяшчэння Слова ў катэхезе і іншых праявах жыцця Касцёла. Думаю, што і ў нас, у Беларусі, ужо настаў час, каб мы пачалі размаўляць на гэтыя тэмы, адкрыта гаварыць і пісаць, у тым ліку ў нашых каталіцкіх мас-медыя. Сведчанне аўтаркі я ўспрымаю як праяву сталення нашага Касцёла, здольнага да такога аналізу і рэфлексіі над сваёй прысутнасцю і дзейнасцю ў такім свеце, які ёсць. У гэтым сведчанні адчуваецца клопат не толькі пра сваё слуханне, але і пра Касцёл, яго ўзрастанне і развіццё. Гаворачы пра праблемы, аўтарка выказвае таксама сваю ўдзячнасць і пашану да прапаведнікаў. Было б добра, калі б яе сем прычынаў сталі свайго роду «праграмаю працы», размоваў, артыкулаў і перадачаў. Пры найбліжэйшай нагодзе, калі буду ў Мінску, я пастараюся сустрэцца з Вамі, пані рэдактар, каб паразмаўляць на гэтую тэму. Шкада было б не пайсці за гэтым сведчаннем і не працягваць супольнай рэфлексіі на тэмы, закранутыя ў ім. Мне здаецца, што яно з’яўляецца і выклікам, і запрашэннем да такой рэфлексіі, а значыць — ласкаю! Таму я дзякую Вам, пані Крыстына, і супрацоўнікам, віншую ўсіх вас і маю надзею на працяг! Прашу таксама перадаць маю ўдзячнасць і пашану аўтарцы.

Усім сэрцам з Вамі, 

адданы Вам у Пану

кс. Станіслаў Памыкала SJ,

вікарый парафіі св. Антонія ў Віцебску 

 

03.02.2016

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла