Дайсці да галоўнага сэнсу

Калі б у маёй маладосці мне сказалі, што я буду маліцца ў касцёле, у якім будуць прымаць сакрамэнт святарскага пасвячэння равеснікі маіх унукаў, я не паверыла б. А ўсё так і адбылося: Бог прыслаў у Беларусь столькі маладых святароў з самой Беларусі! І мы ўжо да гэтага прывыклі.

Я малюся ў гродзенскай катэдры імя Францішка Ксавэрыя. Пасля духоўнай семінарыі маладыя святары працуюць у нашай катэдры пад апекаю біскупа Аляксандра і пробашча Яна, які сам малады, але вучыўся ў Рыме, мае вялікую харызму, талент і веды. Праходзіць нейкі час, і маладых святароў біскуп адпраўляе ў касцёлы для самастойнага служэння. Можна назіраць, як Дух Святы кіруе іх душпастырскай паслугаю, як увачавідкі сталее іх святарства, як паглыбляюцца яны ў таямніцу Эўхарыстыі. Цяпер вось святую Імшу па-беларуску служыць ксёндз Валеры. Мне часам хочацца пасля Імшы падысці і прытуліцца да яго рук — такія простыя і мудрыя яго казанні, што я як літаратар і былая настаўніца мовы толькі цешуся імі. Некаторыя моманты з казанняў я запісваю ў свой нататнічак, каб не згубіліся. Напрыклад, гаворачы пра цуд у Кане Галілейскай, ксёндз Валерый звярнуў увагу на віначэрпаў, на іх моцную веру ў Езуса. Сапраўды, што з імі зрабілі б сваты, каб не адбылося цуду і падалі б яны на вясельны стол ваду замест віна?

Калі ў нашым касцёле працаваў ксёндз Мікалай Ціхановіч, я слухала яго казанні і заўсёды думала, што іх трэба выдаць асобным томікам як кнігу казанняў, — у ксяндза Мікалая гэта былі завершаныя апавяданні з уступам, кульмінацыйным зместам, лагічным заканчэннем… Ён казаў, што адзін старэйшы святар параіў яму ў першыя два-тры гады працы не давяраць сваёй інтуіцыі, а запісваць у сшытак разгорнуты план, каб не выходзіць за тэму і не забываць пра час. Пасля ксёндз Мікалай доўга вучыўся за мяжой, стаў доктарам маральнай тэалогіі, яго казанні набылі глыбіню і навуковасць. Ды вернікі памятаюць тыя казанні маладога ксяндза. Бывала, што ён усё ж выходзіў за рамкі свайго сціслага часу, асабліва калі гаварыў пра схільнасць беларускіх бабуляў да язычніцкіх замоваў, пярэпалахаў, розных чараў. Аднойчы ён нас так напалохаў, што я прыбегла з касцёла і павыкідала розную драбязу, паходжанне якой не памятала. 

Калі ў наш касцёл пасля вучобы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце  вярнуўся ксёндз Віктар Ханько, я як літаратар перажывала асаблівую радасць: ён выбіраў прыклады з жыцця простых людзей, з сямейнага побыту, і трэба было ўважліва сачыць за ходам яго думкі, каб дайсці з ім разам да галоўнага сэнсу Эўхарыстыі. Неяк па-свойму ксёндз Віктар злучаў сучаснасць з глыбокімі падзеямі запаветнага часу. Можа, нехта стамляўся слухаць, але ж сумесная малітва ў касцёле — гэта праца душы і вельмі прыватная справа ў вялікай супольнасці вернікаў. 

А ксёндз Віктар так увайшоў у малітоўны стан спакою, што ўдзяляў Камунію, а яго вочы ўдзялялі спакой і веру, што ўсё будзе добра з Божай дапамогай…

Калі толькі пачынаў наш касцёл маліцца на роднай мове, пробашчам быў ксёндз Юзаф Трубовіч. Ён хваляваўся і рыхтаваў Літургію разам з намі. Да нас прыходзіў хор «Бацькаўшчына», які звычайную нядзельную Імшу ператвараў ва ўрачыстую. І працаваў тады ў нашым касцёле малады ксёндз Анатоль Маркоўскі. Ён меў смеласць быць сябрам беларускай моладзі, прыходзіў на літаратурныя святы. Віктар Шалкевіч напісаў прыгожую песню «У Гародні дождж», у якой галоўны персанаж — ксёндз Анатоль, які ў дажджлівы дзень забыў дома свой парасон. Ксёндз Анатоль так эмацыйна прамаўляў свае  казанні, што вернікі забываліся пра сябе, узвышаліся, перажываючы шчасце. Памятаю, слухала казанне ксёндза Анатоля, а нейкая пані пытаецца ў мяне: 

— Мілая, гэты ксёндз, мусіць, ваш сын?!  

Мы з удзячнасцю ўспамінаем таксама айца Юзафа Макарчыка. Мы шчаслівыя, што ён працаваў з намі, выслухоўваў нас не толькі ў споведзі, але ў кожны час. Ён умацоўваў дух хворым, разгубленым, стомленым. Божа, якое шчасце, што ў Гародні працаваў гэты францішканін! Ідзеш па вуліцы, а Бог пасылае яго насустрач, і ён дастае з кайстры вандроўніка мініяцюрны абразок святога Францішка, які прывёз спецыяльна для цябе са святога Асізі! 

Мы прыходзім у касцёл да Езуса Хрыста, а Езус дае нам святароў, якія дараць нам вечнасць. Святой памяці айцец Уладзіслаў Чарняўскі з Вішнева ўсё сваё святарства прысвяціў служэнню Богу ў той прасторы пад небам, куды яго паслаў Езус Хрыстус, у Беларусі. Вось прыгожая старонка нашай гісторыі! Я малюся праз заступніцтва айца Чарняўскага кожны дзень і ў часы асаблівых выпрабаванняў лёсу. 

Самае прыгожае казанне ксяндза ці біскупа – гэта калі рэальна не запамінаюцца ніякія зямныя рэчы, а ёсць толькі святло Евангелля і адчуванне бязмежнага шчасця. 

04 лютага 2016 года.

Данута Бічэль, Гродна.

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла