«Вось я»

Пятая звычайная нядзеля, год C (7.02.2016)

«У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім; кожны з іх меў па шэсць крылаў. Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы: Святы, святы, святы, Пан Магуццяў. Уся зямля поўная хвалы Яго. І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам. І сказаў я: Гора мне, бо Я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі і жыву я сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.

Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой. Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 1–2а. 3–8).

«Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кефасу, а потым – Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі. Потым з’явіўся Якубу, потым – усім Апосталам. Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.

Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі» (1 Кар 15, 3–8. 1).

«Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.

Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: “Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову”. Сымон сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі”. Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”. Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: “Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей”. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім» (Лк 5, 1–11).

«Вось я»

У сённяшняй літургіі мы чытаем пра тых, хто перажыў сустрэчу з жывым Богам: аб прароку Ісаі, святых Паўле і Пятры — вучнях Бога і Яго вялікіх сябрах. Павел сустрэўся з міласэрным Богам, які прабачае, Пётр — з Богам усемагутным, які чыніць цуды, Ісая — з Богам, які ёсць Валадаром хвалы, з Панам неба і зямлі. Гэтая сустрэча абудзіла ў іх не толькі захапленне і боязь перад магутнасцю і таямніцай Бога, у той жа час да іх дакранулася Божая любоў, і яны адчулі ўласнае ўбоства і нікчэмнасць. У адным з псальмаў мы чытаем: «Бездань кліча бяздонне гулам Тваіх вадаспадаў» (Пс 42, 8). У сённяшніх чытаннях глыбіня Бога Стварыцеля, які ёсць самою Любоўю, Мудрасцю і Усемагутнасцю, сустракаецца з глыбінёю крохкасці, убоства і нікчэмнасці людзей, якія з’яўляюцца Яго стварэннямі.  

Досвед сустрэчы гэтых дзвюх глыбіняў з’яўляецца вялікім дарам Бога, і вядзе не да роспачы, а наадварот, насуперак усяму, нараджае давер да вялікага і цудоўнага Бога. Гэтак адбываецца таму, што Праўда, якую дае перажыць Бог, заўжды агорнутая Яго Любоўю. То бок, сапраўдная сустрэча з Богам заўжды адбываецца ў Праўдзе і Любові (і пра гэта нам нагадваюць дзве свечкі, якія стаяць на алтары падчас святой Імшы). Кажуць, што «праўда без любові забівае, а любоў без праўды знявольвае». Сустрэча з Богам, які з’яўляецца Любоўю і Праўдаю, ажыўляе нас, пашырае гарызонты чалавека і вядзе да нечаканых наступстваў. Пра гэтыя наступствы кажа Ісая, яны бачныя ў жыцці прарока і святых апосталаў Пятра і Паўла. Усе трое з хвіліны сустрэчы з Богам гатовыя служыць Яму і цалкам аддяць сябе ў Яго распараджэнне. «Вось я, пашлі мяне» — кажа Ісая, і гэтыя словы маглі б належаць і Паўлу, і Пятру. 

Пра што іх прыклад сведчыць нам, удзельнікам нядзельнай Эўхарыстыі? Магчыма, і ў нас быў досвед, падобны да таго, што перажылі Ісая, Павел і Пётр, і мы з’яўляемся руплівымі слугамі Бога і людзей. Можа, мы імкнемся служыць Богу і людзям, хоць і не мелі містычных перажыванняў, бо нам дастаткова словаў Езуса, які сказаў: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». А можа, мы адносімся да тых людзей, якія маюць шмат сумневаў у веры і нібы «ідуць пад горку» — змагаюцца за сваю веру і за месца Бога ў сваім жыцці. У кожным з гэтых трох выпадкаў трэба чуваць і падтрымліваць сувязь з Богам у малітве, праз сакрамэнты і слуханне Яго слова. Важна кантактаваць са спаведнікамі і Божымі людзьмі, з супольнасцю. 

Няхай парадаю для нас усіх стануць словы вялікага святога, Тамаша Аквінскага, які заахвочвае штодня маліцца аб двух дарах Духа Святога: любові і мудрасці. Праўда, гэтыя два дары Духа Святога адразу асацыююцца з сустрэчаю з Богам у Любові і Праўдзе? Бо любоў удасканальвае нашую волю, а мудрасць (Божая праўда) удасканальвае наш розум. Давайце ж ажыццявім словы святога Тамаша, кожны дзень молячыся аб дарах любові і мудрасці, і хутка акажацца, што па ўзоры траіх святых з сённяшніх літургічных чытанняў мы ў пакоры і ўсё прыгажэй выконваем у сваім жыцці Божую волю. 

айцец Раман Шульц OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла