«Д’ябaл aдступіў aд Ягo»

Першая нядзеля Вялікага посту, год C (14.02.2016)

«Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaна, i вадзіў Яго Дух па пустыні сорак дзён, і д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. Тады д’ябaл скaзaў Яму: “Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм”. I aдкaзaў яму Езус: “Нaпiсaнa: Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек”. Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету. І скaзaў Яму д’ябал: “Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. Ты пaклoнiшся мне, уся будзе Тваёй”. У адказ Езус скaзaў яму: “Нaпiсaнa: Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць”. Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем i пaстaвiў нa крыле святынi, i скaзaў Яму: “Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз, бo нaпiсaнa:

Анёлaм свaiм загадае пра Цябе,
кaб ахоўвалі Цябе
i: Яны нa рукaх пaнясуць Цябе,
кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень нaгой сваёй”.

I Езус скaзaў яму ў адказ: “Скaзaнa: Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго”. Скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары» (Лк 4, 1–13).

«Д’ябaл aдступіў aд Ягo»

Евангельскі ўрывак пра спакушэнне Езуса мае для мяне вялікае значэнне. Перажыванне спакусы — гэта складаная і часта пакутная жыццёвая рэальнасць, у якой побач са мною прабывае Езус. Таму прапаную разам разгледзець сцэну, якую малюе нам сённяшні евангельскі ўрывак.

Езус ідзе ў пустыню, атрымаўшы хрост у Ярдане, і застаецца там на працягу сарака дзён. Гэта вельмі яскравы і зразумелы вобраз: гэтак жа ізраэльцяне, перайшоўшы праз Чырвонае мора (атрымаўшы хрост у гэтых водах), сорак гадоў ходзяць па пустыні. Чаму так? Бо, вызваленыя са знешняй няволі, яны былі яшчэ зняволеныя сэрцам, і сорак гадоў у пустыні павінны былі ператварыць іх у свабодных людзей.

Езусу, які посціць у пустыні, не патрэбнае вызваленне, Ён сам — крыніца свабоды. Але Ён ідзе туды менавіта для таго, каб спадарожнічаць мне ў маіх змаганнях. Спакушэнне Езуса — натуральнае наступства Яго ўцелаўлення, і таму — цалкам свабоднае рашэнне Бога. Бог вырашае быць з чалавекам у яго згубленасці і вывесці яго з няволі сэрца, каб прывесці да свабоды Божых дзяцей.

Вобразы спакусаў, праз якія праходзіць Езус, сімвалізуюць усе спакусы чалавецтва. Але Езус тут — не толькі прыклад, герой, вялікія подзвігі якога павінны нас натхніць і заахвоціць у змаганні. Ён сапраўды бярэ на сябе барацьбу і выпрабаванні ўсіх людзей, і мае таксама. Прастора спакусы, як гэта ні парадаксальна, з’яўляецца прастораю, дзе я сапраўды магу сустрэць Езуса. У спакушэннях Езус змагаецца замест мяне, але ад мяне залежыць, ці скарыстаю я Яго перамогу. Езус аздараўляе маю волю і таму не навязвае сябе, дазваляе мне зграшыць, нягледзячы на цану, якую Ён заплаціў за сваю перамогу.

Традыцыйная пабожнасць адкрывае нам звыклую праўду пра тое, што ў крыжах уласнага жыцця мы сустракаемся з Хрыстом, што ў Яго Крыжы змяшчаюцца і нашыя. Неабходна ўсвядоміць, што спакуса, змаганне са злом — таксама частка Крыжа Збаўцы. Д’ябал часта жадае, каб у змаганні мы думалі, што знаходзімся далёка ад Пана. Д’ябал жадае, каб мы змагаліся адны, бо тады абавязкова прайграем. Таму так важна ўсведамляць, што наш досвед спакусы — асаблівая прастора, дзе можна сустрэцца з Панам. Толькі змагаючыся Яго моцаю, мы можам перамагчы зло.

айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла