Марафонская дыстанцыя

Другая нядзеля Вялікага посту, год С (21.02.2016)

«Узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. І калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: “Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі”. Не ведаў ён, што кажа. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. А з воблака пачуўся голас, які казаў: “Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце”. І калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. Маўчалі яны і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі» (Лк 9, 28b–36).

Марафонская дыстанцыя

Ці задумваліся вы калісьці, што спартыўныя дасягненні іншых спрыяюць таму, што хтосьці захоча таксама дайсці да адпаведнага ўзроўню, а можа нават пабіць устаноўлены рэкорд? Ёсць людзі, якія, напрыклад, трэніруюцца, каб узяць удзел у марафоне. Яны мараць прабегчы дыстанцыю можа не першымі, але аднымі з першых, каб даказаць сабе: «Я магу». Час Вялікага посту ёсць такім марафонам, мікрамадэллю нашага жыцця, поўнага змаганняў. 

У мінулую нядзелю мы слухалі чытанне пра тое, як Пан Езус, выходзячы на пустыню, перамагаў д’ябла. Такім чынам Хрыстус паказаў нам, што можна прайсці гэтую дыстанцыю і не здацца. У гэтую нядзелю мы бачым перамененага Пана, бачым вынік Яго змаганняў. Той, хто бяжыць і не ўяўляе сябе пераможцам, той, хто гатовы задаволіцца адным толькі ўдзелам, наўрад ці будзе выкладвацца на поўную сілу. Езус на гары Перамянення рыхтуе вучняў да перажывання моманту, калі можа ўжо не хапаць сілаў і надзеі. Маючы перад сабой вобраз перамененага Пана, давайце і мы шчасліва дойдзем да велікоднай раніцы, каб адпачыць і бегчы далей ужо ў лепшай спартыўнай форме.

Айцец Павел Мажэйка OP

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла