«Можа, прынясе плод у будучым»

Трэцяя нядзеля Вялікага посту, год C (28.02.2016)

«У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: “Думаеце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце”.

І расказаў такую прыпавесць: “Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю? Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”» (Лк 13, 1–9).

«Можа, прынясе плод у будучым»

Асноўны сэнс прыпавесці пра неўраджайную смакоўніцу — Божая міласэрнасць і цярплівасць у адносінах да грэшнага чалавека, які не апраўдвае свайго паклікання да святасці. Колькі ахрышчаных выпрабоўвае Бога, пагарджаючы Яго запаведзямі, не цэнячы дару сакрамэнтальнай ласкі, жывучы паводле духу гэтага свету!.. Нягледзячы на гэта, Пан Езус, як добры вінаградар, не траціць надзеі, дае чарговы шанец, зноў і зноў пасылае сваю дапамогу…

Аднак можна паспрабаваць паглядзець на гэтую прыпавесць крыху інакш. Шмат людзей ва ўсім хоча знайсці нейкую выгаду для сябе, ацэньваючы ўсё і ўсіх з пункту гледжання: «Што я з гэтага буду мець?» Іншыя людзі цікавяць іх настолькі, наколькі яны могуць быць карыснымі ў пэўных справах. Калі ж мэта дасягнутая, тых, дзякуючы каму яна была дасягнутая, пачынаюць лічыць «адпрацаваным матэрыялам», пра які можна забыцца, а часам нават і пазбыцца…

На жаль, такое стаўленне становіцца ўсё часцейшым, пранікаючы нават у касцёльнае жыццё, набываючы новыя спецыфічныя формы. Многія душпастыры імкнуцца трапіць у вялікаія багатыя парафіі і мясцовасці, дзе больш магчымасцяў праявіць сябе і хутчэй убачыць вынікі сваёй працы, не ўспамінаючы часам тых, хто быў перад імі і падрыхтаваў глебу для іх дзейнасці. Маленькія ж і бедныя супольнасці, што часта нават пазбаўленыя нармальных умоваў для малітвы, лічаць «бесперспектыўнымі», у якія не варта ўкладаць сродкі і намаганні. 

Але ж і там, і там — людзі, якіх умілаваў Пан Бог і якія маюць аднолькавае права на задавальненне сваіх рэлігійных патрэбаў і на паўнавартасную святарскую паслугу. І калі нехта ў выніку шматгадовай атэізацыі яшчэ кепска ўсведамляе іх неабходнасць, гэта не прычына пагарджаць імі, а наадварот, нагода, каб звярнуць большую ўвагу на такіх людзей, беручы прыклад з Добрага Пастыра, які пакідае статак, каб знайсці адну згубленую авечку. Плён гэтай працы нельга мерыць зямнымі меркамі і вядомасцю, масавасцю, знешняй дзейнасцю, а толькі духоўным шляхам, які пройдзе кожны чалавек і які вядомы толькі Богу. 

Таму не нам вырашаць, хто больш «перспектыўны», а хто — менш. Бог вырашыць. І, пэўна, Ён не будзе занадта суровы да тых, хто на шляху веры не атрымаў належнай дапамогі. Большую суровасць заслужыць той, хто пагарджаў гэтай дапамогай або не прыклаў усіх намаганняў, якія ад яго залежалі, каб даць яе тым, хто прагнуў яе атрымаць…

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла