З велікоднаю радасцю…

Па старонках сакавіцкага нумара «Ave Maria»

Сакавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» прасякнуты велікоднаю радасцю, якая чакае ўсіх нас напрыканцы першага вясновага месяца. Да гэтай прыемнасці далучаецца радасць ад падпісання Сумеснай дэкларацыі Папам Рымскім Францішкамі і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, пра што вядзецца гутарка ў публікацыі «Гістарычная сустрэча» (падрыхтаваў Мікола Гракаў) і «У імя любові і ўзаемаразумення» (падрыхтаваў Францішак Дубраўскі). 

Да Году Божай Міласэрнасці ў часопісе адкрытая новая рубрыка — «Божая міласэрнасць у нашым жыцці», у якой рэдакцыя прапануе чытачам сведчыць на старонках выдання пра тое, як Бог дзейнічае ў іх жыцці. Рубрыка распачынаецца са сведчання Вольгі Румянцавай «Вялікая моц Яго Крыві», у якім аўтарка распавядае пра цудоўнае аздараўленне і навяртанне сваёй мамы з дапамогаю шчырай малітвы.

Пад рубрыкаю «Старонка псіхолага», у артыкуле «Вобраз Бога», с. Паўла Бобер разважае пра тое, чаму ў нас часам не складваюцца асабістыя адносіны з Богам, адкуль бяруцца скажоныя вобразы Бога і як пераадолець гэтае стэрэатыпнае бачанне. 

У гэтым вясновым нумары часопіса распачынаецца таксама цыкл публікацый, падрыхтаваных Лідзіяй Камінскай, «Кветкі Божыя», дзе будзе ісці гутарка пра шматлікія цікавыя паданні, звязаныя з кветкамі. Першы матэрыял з гэтага цыкла — «Кветка дабрыні і сардэчнасці» — прысвечаны маргарытцы, імем якой названы агульнавядомы ў Касцёле малітоўны рух за святароў. 

Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя публікацыі ў рубрыках «Нам пішуць», «Школа малітвы», «Святар адказвае на пытанне», «Пра святую Імшу», «Моладзевы квартал», «In memoriam», «Нашы апекуны», і традыцыйна на апошніх старонках вокладкі прапануюцца малітвы да святога Патрыка, успамін якога адзначаецца 17 сакавіка.

 Рэд.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла